Tags: казкі

07kiepka

(no subject)

Замак і экзоты

Каб меў замак, дык абавязкова завёў бы кватэрнага кентаўра. З дзяцінства марыў пра невялічкага кентаўра і акварыюмную русалачку. Гэта ў першую чаргу. Потым можна было б мне, як паэту і казачніку, заводзіць і залатакрылага пегаса. Думаю, што для пачатку гэтага больш чым дастаткова. Кватэрны кентаўр, акварыюмная русалка і залатакрылы пегас. Калі яны прыжывуцца ў замку, падумаю і пра іншых экзотаў.
07kiepka

(no subject)

1978-1968. Брэжнеў і чырвонае воблака

Ніхто яго не бачыў, але ўсе, хто хадзіў у басейн, пра яго чулі. Яго баяліся. Расказвалі пра яго трэнеры. Казалі, што нельга сцаць у басейн, а калі нехта цішком напусціць сікуноў, дык сікуны стануць чырвонымі, і ў басейне вакол паскуды непаслухмянай утворыцца чырвонае воблака. За сіканне ў ваду пагражала выключэнне з плыўцоў. Каб расповед пра Чырвонае Воблака гучаў пераканаўча, дадаваўся эпізод з Леанідам Брэжневым. Казалі, што фарбу для сікуноў апробвалі ў крамлёўскім басейне, што ў Маскве. Брэжнеў плаваў, плаваў і пусціў струмень у вадзе, струмень зрабіўся чырвоным. Брэжнеў любіў камедыі, і яму спадабалася чырвонае воблака. Пазней казалі, што спявачка Пугачова, апынуўшыся ў чырвоным воблаку, пачала скандал на ўсю Маскву. Даводзіла, што не яна насцала ў ваду, а нехта злы наліў у басейн чужых сікуноў. Зразумела, Чырвонае Воблака – казачны персанаж, як Труна на колцах і Чорная Рука, але пра яго спрабуюць расказаць пераканаўча, маўляў, ёсць яно, і не сумнявайся, а сумняваешся, дык ідзі да Алы Пугачовай і папытай.
07kiepka

Казка для кнігі "Віцебская школа"

ЧАРОЎНЫЯ ЧАРАВІЧКІ

Казка пра чаравічкі, якія намаляваў Руслан Вашкевіч

Маці папрасіла дачку Зосю вынесці смецце. У свае сем дзяўчынка лічыла сябе дарослай. Яна магла схадзіць у краму “Каравай” па хлеб, збегаць у прадуктовы па малако і вынесці смецце.

Каля кантэйнера з пластыкам Зося пабачыла новенькія чорныя чаравічкі. Было падобна, што памер іх акурат для Зосі. Дзяўчынка выкінула пакеты са смеццем і ўзяла адзін чаравік, каб лепей яго разгледзець. Чаравік быў зусім новы. Нібыта яго толькі што прынеслі з крамы. На падэшве ў яго была намалявана лесвічка. На скураной вусцілцы нехта намаляваў прыступкі.

Зося вырашыла памераць чаравік. Дзяўчына прысела на лаўку, зняла пантофлю і абула чаравік. Ён быў яе памера, але не толькі гэта здзівіла дзяўчыну. Ёй стала лёгка дыхаць, так лёгка і прыемна ёй ніколі раней не было. Зося абула другі чаравік, і дзяўчыне зрабілася яшчэ больш лёгка. Уся яна стала бязважкай, як матылёк. Дзяўчына стала такой лёгкай у новых зножных чаравічках, што змагла пайсці не толькі па тратуару і па траве, але і па паветры. Зося ішла па паветры лёгкай хадою. Дзяўчына ўзнялася над дваром і над паркам. Па паветры яна перайшла на другі бок рэчкі.

Дзяўчынку, якая ішла па небе, заўважыла маладая маці, што гуляла ў парку з немаўляткам у калясцы: “Глядзіце, глядзіце, дзяўчынка ідзе па небе!” Людзі пачалі ўздымаць галовы і паказваць адзін аднаму на дзяўчынку ў чыстым небе.

Зосі стала няёмка. Нармальны чалавек не вельмі любіць вылучацца з натоўпу. Асабліва калі вылучыўся раптоўна і першы раз. Зося пабегла па небе ў бок зялёнага скверыка. Там яна спусцілася на зямлю і зняла чароўныя чаравічкі.

Дадому Зося ішла басанож. Яна забрала свае пакінутыя каля сметніка старыя пантофлі. Знойдзеныя чорныя чаравічкі Зося схавала ў шафу з адзежай. Да лепшых часоў.
07kiepka

Казка для кнігі "Віцебская школа"

ПЕРШЫ ДЗЕНЬ

Казка, напісаная паводле твора Уладзіміра Цэслера і Сяргея Войчанкі “Яйкі”

Напачатку была ноч. Кругом было цёмна, змрочна і чорна. У цёмнай ночы на цёмнай зямлі ў цёмным лесе жыў Чорны Певень. У яго была жонка Чорная Курачка. Яна несла Чорнаму Пеўню чорныя яечкі. З іх выводзіліся чорныя кураняткі.

Здавалася, што так будзе заўсёды. Чорны Певень і Чорная Курачка будуць дзяўбці чорныя каменьчыкі і есці чорныя зярняткі. Чорная Курачка будзе несці чорныя яечкі, а з іх будуць выводзіцца чорныя кураняткі. Усе яны будуць жыць у цёмным лесе на цёмнай зямлі, над якой стаіць цёмная ноч. Але аднойчы Чорная Курачка шукала чорнае зярнятка, а замест яго знайшла зярнятка чырвонае. Курачка спытала ў Пеўня, ці можна ёй з’есці незвычайнае зярнятка. Певень падумаў-падумаў і дазволіў сваёй Курачцы з’есці яго. Яна здзяўбла зярнятка і праз тры дні знесла не чорнае, а чырвонае яечка. З яго вылупілася Чырвонае Куранятка, з якога неўзабаве вырасла Чырвоная Курачка. Цяпер у лесе гулялі не толькі чорныя, але і чырвоныя пеўнікі і курачкі.

Праз тры месяцы Чорная Курачка знайшла белае зярнятка. Яна шукала звычайнае чорнае зярнятка, а знайшла белае. Курачка спытала ў Пеўня, ці можна ёй здзяўбці яго. Певень падумаў і дазволіў сваёй Курачцы праглынуць белае зярнятка.

Праз тры дні Чорная Курачка знесла белае яечка, з яго вылупілася Белае Куранятка, з якога вырасла Белая Курачка. Тая знесла вялікае белае яечка. А з таго белага яечка выйшла не куранятка, а Жоўтае Сонца. Яно ўзнялося на неба. Як толькі Жоўтае Сонца ўзнялося на неба, скончылася ноч. Так зніклі чарната і цемра. Так пачаўся першы на свеце сонечны, цёплы і ясны дзень. Ён пачаўся з белага яечка, якое знесла Белая Курачка.
07kiepka

Казка для кнігі "Віцебская школа"

ЛЕСАРУБ

Казка пра героя карціны Казіміра Малевіча “Лесаруб”

На ўскрайку горада Віцебска жыў лесаруб. Звалі яго Казімірам. Раніцай ён ехаў у лес, дзе сек дрэвы. Лесаруб выбіраў самыя найлепшыя са старых дрэў. Валіў іх. Абсякаў сукі і галіны. Чыстыя бярвенні Казімір завозіў на фабрыку. Там бярвенні распускалі на дошкі. Тыя добра высушвалі. З сухіх дошак на фабрыцы рабілі мэблю. Шафы і буфеты, сталы і крэслы, ложкі і камоды майстры выраблялі з дрэва, якое нарыхтоўваў для іх лесаруб Казімір.

Усе ў Віцебску любілі і паважалі працавітага лесаруба. Называлі яго волатам, бо сякера, якой Казімір валіў лес, была такая цяжкая, што ніхто, акрамя гаспадара, нават не мог адарваць яе ад зямлі. Шмат хто спрабаваў падняць сякеру, але ніхто так і не змог. Гэты інструмент перайшоў да волата ад бацькі Севярына, а той атрымаў яе ад свайго дзеда Міралюба. І бацька, і дзед, і прадзед у Казіміра, як і ён сам, былі працаўнікамі, лесарубамі і волатамі. Калі бацька перадаваў сыну важкую сякеру, ён наказаў берагчы яе, патлумачыўшы, што ў цяжкія часы яна дапаможа ў змаганні з ворагам.

Як бацька Севярын сказаў, так яно і здарылася. У адзін цёмны дзень у лес пад Віцебскам прыляцеў трохгаловы цмок з бліскучым мячом у лапе. Пачвара мела доўгі хвост, зялёныя крылы і чатыры лапы з жалезнымі кіпцямі. Языкі ў цмока былі раздвоеныя, як у змяі. Вочы лупатыя, як у жабы. Шыі доўгія, як у жырафы. На галовах у цмока сядзелі залатыя кароны.

– Гэты лес цяпер мой! Буду тут жыць і панаваць! З сённяшняга дня ніхто з майго леса не вынесе ні ягады, ні грыба, ні галінкі, ні травінкі, ні пылінкі! – сказаў цмок лесарубу і дыхнуў на яго чырвоным полымем адразу з трох шырокіх пашчаў.

– Як скажаш, так і будзе, шаноўны цмок. Ты магутны і ваяўнічы. У цябе жалезныя кіпці, полымя ў трох пашчах і меч у кіпцястай лапе. Толькі давай мы з табою сілаю пацягаемся. Хто з нас больш дужы, той і загады раздаваць стане, а хто слабы, той іх пачне слухаць і выконваць. Ты згодны, шаноўны цмок? – запытаў Казімір у зялёнакрылай пачвары.

– Ты, лесаруб-чалавечак, пытаешся ў мяне, магутнага цмока?! Ці згодны я з табою цягацца? Вядома, згодны! У цябе ёсць сякера, я маю меч. Бітву можна пачаць тут і цяпер, неадкладна!

Лесаруб выслухаў самаўпэўненага цмока і прапанаваў іншае:

– Я не хачу скалечыць такога цудоўнага цмока, як ты. Таму прапаную падкінуць зброю ў неба. Хто з нас вышэй яе падкіне, той і пераможа!

Цмок размахнуўся і шпурнуў у неба бліскучы меч. Той даляцеў ажно да хмары і праз тры хвіліны вярнуўся ў цмокаву лапу. Лесаруб размахнуўся і кінуў у неба сякеру. Тры гадзіны волат і цмок чакалі, пакуль яна вернецца з неба на зямлю.

– Твая сякера лягчэйшая за мой меч, таму давай памяняемся зброяй. Цяпер я кіну ў неба тваю сякеру, а ты падкінеш мой меч! – прапанаваў хітрадушны цмок.

Казімір узяў цмокаў меч і шпурнуў яго ў бок месяца. Меч ударыўся аб яго і рассыпаўся на срэбны пыл. З той ночы у месяца і з’явіўся металічны прахалодны бляск.

Цмок хацеў узняць лесарубаву сякеру і засекчы Казіміра, але гад не змог адарваць яе ад зямлі. Давялося цмоку скарыцца і пачаць слухацца лесаруба. Той загадаў яму ўладкавацца на працу ў вандроўны заацырк. Цяпер трохгаловы цмок выступае на арэне з вогненным шоу.

Лесаруб Казімір як працаваў, так і працуе з каштоўным дрэвам, з якога віцебскія майстры робяць цудоўную мэблю. Яны вырабляюць сталы і крэслы, ложкі і камоды, буфеты і шафы.
07kiepka

(no subject)

Ружовы матрац

Новаантычная казка

Плаваць на матрацах шмат у якіх краінах Еўропы даўно пазабаранялі. Правільна зрабілі, бо самаўпэўнены чалавек надзімае матрац, заплывае на глыбіню, там матрац рвецца ды здзімаецца, і чалавек тоне, бо плаваць не навучыўся, а паспадзяваўся на матрац, як на выратавальны круг. Матрацнае плаванне забаранілі ў Каталоніі ды Гішпаніі, забаранілі ў Італіі ды Францыі, а на паўвыспе Крым не забаранілі. Акупацыйным войскам, што тамака зараз стаяць не да матрацаў... У акупантаў шмат іншых праблем з вадой, асабліва з прэснай вадой, якой на паўвыспе заўжды не хапала, а ў ваенныя і паўваенныя часы яе не хапае катастрафічна. Але ж у Крыме шмат сонца, цяпла і салёнай чарнаморскай вады. У цёплай марской вадзе і завялася русалка з Ружовым надзімальным матрацам. Тая светлавалосая русалка асцярожна падплывае да самотнага купальшчыка і прапаноўвае паплаваць разам на Ружовым матрацы. Свой вялізны шэры хвост з эластычным монаплаўніком русалка старана хавае пад матрацам. Мужчына, зазвычай гэта нахабны вайсковец акупант, радасна прымае прапанову бландынкі з бюстам шостага памеру. Тая заганяе Ружовы матрац далёка ў мора, і там – за буямі, заказытвае і топіць ахвяру... Шмат хто бачыў Ружовы матрац і побач з ім прывабную губастую бландынку, многія нават бачылі, як Ружовы матрац накіроўваецца за буі; але ніхто ніразу не сказаў бландынцы і яе мужчыне, што плаванне на матрацы – небяспечны занятак.
07kiepka

(no subject)

Чырвоная бутэлька

Гісторыю пра чырвоную бутэльку я пачуў ад п’яніцы Алега. Зазвычай, ён п’е седзячы ў “Цэнтральным” універсаме. Алег пачынае піць раніцай. Пачынае з маленечкага стаканчыка піва. Тут яго і падпільноўваюць розныя безграшовыя дзяды. “Пакінь глыток!” – просяць. Алег шчодры. Ён пакідае паўглытка піва на сподзе аднаразовай шклянкі. Паўглытка не шкада. Тут раптам адзін з безграшовых брудных дзядоў папрасіў у Алега вялікую шклянку піва. Нахабна запатрабаў, можна сказаць. “Мужык, ты мусіш мяне ўратаваць. Без паўлітра піва я дамоў не дайду. Памру тут, у “Цэнтральным”!” Алегу было шкада піва для неахайнага нахабы, але ён усё ж купіў вялікую шклянку і пачаставаў дзеда. Той выпіў, падзякаваў і сказаў Алегу дзіўную рэч: “Мужык, калі раптам захочаш выпіць, а рублёў не будзе, падыходзь у Траецкае пад мост. Стань каля веладарожкі тупні левай нагою тры разы. Праз імгненне каля тваёй правай нагі з’явіцца Чырвоная бутэлька поўная моцнага віна. Віно можаш выпіць, а пустую бутэльку абавязкова пакінь пад мостам. Алег, вядома, не паверыў бруднаму дзеду, які назваўся Свіслачскім Вадзяніком. Хто ў такое паверыць? На цвярозую галаву ў такое ніхто не паверыць і правяраць не пойдзе... Аднаго разу Алег моцна выпіў, яму хацелася яшчэ крыху накаціць для шліфоўкі, але рублёў не было. Тады Алег і пайшоў пад мост і тупнуў тры разы левай нагой. Каля правай нагі з’явілася Чырвоная бутэлька з партвейнам. Алег пачаў хадзіць у Траецкае пад мост кожны божы дзень. Віно выпіваў, а бутэльку пакідаў. Так было пакуль Алег не пачаставаў партвейнам свайго заўсёднага сабутэльніка Валерку. Той не хацеў пакідаць Чырвоную бутэльку. Ён хацеў яе здаць, як звычайную шклатару. Калі прыёмшчыца адмовілася прымаць чароўную бутэльку, Валерка раз’юшыўся. Ён так раз’юшыўся, што разбіў Чырвоную бутэльтку аб цагляную сцяну. Алег яшчэ некалькі разоў спрабаваў тупаць пад мостам левай нагою, але партвейн ад Свіслачскага Вадзяніка больш не з’яўляўся.