Tags: Танк

07kiepka

(no subject)

Рэмбо і шэрая брашура

Леанід выпусціў брашуру пра народнага паэта Максіма. Брашура выйшла ў слізкай вокладцы, зробленай у турэмна-шэрых танах. Вясёлага мала ў падобных выданнях. На нешта захапляльнае я і не спадзяваўся, але пад вокладку зазірнуў. А раптам… Кнігі – сустрэчы з нечаканым! Прынамсі, так нас вучылі ў школе. І што я пабачыў? Прачытаў, што Рэмбо – французскі паэт; а яшчэ, што ён – крайні індывідуаліст. Гэта першае і апошняе, пра што я даведаўся з брашуры самадзейнага вучонага Леаніда. Зрэшты, гэта ўсё, што варта ведаць пра стыль і ўзровень шэрай брашуры.
2007

сучаснік

1981. Тамара і сорам

У маладосці мне было цікава хадзіць на розныя мерапрыемствы ў саюз пісьменнікаў. Нават першая – так званая афіцыйная частка з выступамі розных аўтарытэтаў, кшталту Брыля ды Танка, мяне не моцна напружвала. Другая частка з канцэртамі “Песняроў” ды спектаклямі купалаўскага тэатра нават радавала. Таму я і запрасіў на падобны вечар Тамару. Мы слухалі выступы. З трыбуны пачаў казаць слова празаік Дайнэка, і Тамара шэптам спытала ў мяне: “Табе не падаецца, што быць пісьменнікам сорамна?” Пытанне паўстала крыху нечакана, і я падумаў, што яно тычыцца менавіта Дайнэкі, які тым разам выступаў зусім няўдала. Але праз нейкі час я зразумеў, што Тома пыталася не толькі пра Дайнэку, Брыля ці Танка. Яна пыталася наогул пра пісьменніка, які мусіць адчуваць пэўны сорам за свае паводзіны, за сваю шчырасць і аголенасць. “Калі табе тут – сярод старых пісьменнікаў непрыемна, мы можам сысці...” Тамара ўхапілася за маю прапанову, і мы праз незадаволеныя перашэптванні публікі выбраліся з перапоўненай залы. Пасля пытання Тамары пра сорам, я дакладна ведаю – пісменнікам быць сорамна. Зрэшты, калі казаць па вялікаму рахунку – сорамна нават проста быць.
2007

Залатая літара 2012

З асалодаю прачытаў зборнік Танка ўкладзены Хадановічам.
Асабліва парадавала ўключэнне ў кнігу арыгінальных хоку.
Прадмову да "Абвяржэння" напісаў Андрэй Хадановіч,
а пасляслоўе зрабіў Альгерд Бахарэвіч... Усе нашы, калі быць кароткім.

07kiepka

(no subject)

2010. Шамякін і Танк

“Чытаю ў “Полымі” дзённікі Шамякіна. Ён – ідыёт. І ўся гэтая тупасць тыражуецца і ўсхваляецца,” – кажа мне палітаферыст Аляксандар Фядупа. “Дзённікі Шамякіна я пагартаў, не захапілі. У Максім Танка штодзённыя запісы значна цікавейшыя”.
2007

хайдзін

Танк і хоку

Перачытаў у дзённіках Танка нехалькі перакладаў хоку. Адзін з іх такі:

Над патокам цэлы дзень
Ловіць, ловіць страказа
Свой цень.

Пераклад датуецца 05.12.1977. Папярэднія пераклады Танк рабіў з польскага часопіса “Паэзія”. Адкуль ён браў гэты верш? Невядома. На рускую мову хоку Ціё перакладала ў пяцідзесятыя гады і наша Вера Маркава:

Над ручьем весь день
Ловит, ловит стрекоза
Собственную тень.

Верагодна, Максім Танк зрабіў імпарвізацыю паводле пераклада Маркавай.
07kiepka

(no subject)

Танк і польскае пытанне

Паэт Танк, як і кожны свядомы беларус у мінулым стагоддзі, быў заклапочаны нацыянальным пытаннем. Таму ён і звяртаў увагу на выказванні выбітных паэтаў пра свой і чужыя народы. Асабліва Танк пераймаўся польскім пытаннем. Менавіта ад палякаў моцна пацярпелі беларусы ў гады маладосці нашага паэта. Але польская культура ці не найбольш паўплывала на ягоны паэтычны дар. “Палякі і так загінулі б, мусілі загінуць у сувязі з неўраўнаважаным спосабам мыслення”. Вось табе і Гётэ, геній, філосаф!” (15.05.1974) запісаў Танк думкі немца пра суседзяў палякаў. Здавалася б, Танк мусіў падтрымаць Гётэ ў жорсткім стаўленні да прыгнятальнікаў беларуса, але Танк стаў на бок пакрыўджаных. Так жа-ж ён асудзіў (29.12.1975) за фанабэрыстую антыпольскасць і цёмнаскурага расейца: “Пісаў жа А. С. Пушкін Вяземскаму “Восхищаюсь храбростью поляков (1830-31 гг.)… Всё это хорошо в поэтическом отношении. Но всё-тки их надобно задушить. И наша медлительность мучительна”. А як тады выглядае ягоная дружба з А. Міцкевічам?” Пра сяброўства Пушкіна з Міцкевічам пытанне рытарычнае, але я думаю, што тое сяброўства і дагэтуль добра выглядае ў паэтычных адносінах. Як выдатна чытаецца выпісаная Танкам (31.07.1989) цытата з паляка Вайды: “…Пытанне аб лёсе маёй радзімы. Для любога мастака яно галоўнае, і задае ён яго да смерці” (А. Вайда)”.
07kiepka

(no subject)

Танк і чалавек

Пра хрэстаматыйны выраз рэвалюцыйнага пралетарскага савецкага паэта Горкага беларускі паэт Максім Танк напісаў (24.05.1971) так: “Некалі М. Горкі сказаў: “Чалавек – гучыць горда”. А ў нашы часы ён можа гучэць – страшна…” Пасля сусветных войнаў так і трэба было сказаць пра страшную самазнішчальную сутнасць чалавека двадцатага стагоддзя. Час герояў прамінуў, і цяпер можна спакойна канстатаваць: чалавек – гучыць дробна. Няма Данка, які вырваў уласнае палымянае сэрца каб асвятляць ім дарогу для сваіх супляменнікаў. Няма сэрца на далоні разумнага доктара, які спадзяецца выратаваць чалавека. Ёсць людзі на далоні. Дробныя нікчэмнасці з пазітыўнымі тваркамі танчаць на пляскатай далоні манітора ды папіскваюць пра свае правы і памоўчваюць пра свае абавязкі.
07kiepka

(no subject)

Танк і Сяргей Дубавец

Седзячы ў Вільні з каваю, я з карэспандэнтам Дубаўцом прыгадваў Танка. Тады Сяргей сказаў, што некалькі разоў тэлефанаваў і спрабаваў раскруціць паэта на шчырую перадсмяротную гутарку. “Спадзяваўся, што стары перад смерцю пёрдне! А ён адмовіўся сустракацца…” – так пашкадаваў пра страчаныя магчымасці Дубавец. Я суцешыў Сяргея тым, што дарэмна ён спадзяваўся на нейкія там змены ў поглядах Танка; той, як быў літаратарам з таталітарнай сістэмы, так і застаўся ім да апошняга ўздыха. Ды і карэспандэнтаў Танк ніколі не шанаваў. “Ледзь адбіўся ад дакучлівых карэспандэнтаў радыё і тэлебачання,” – напісаў Танк у дзённіку за 27.01.1972, а 11.11,1994 дадаў такое: “Званнкі, званкі… Ужо і адбівацца ад іх стаміўся”.
07kiepka

(no subject)

Танк і таталітарны век

У адным з апошніх сваіх дзённікавых запісах (17.10.1994) Танк згадвае і пра мяне з братам: “Усё даражае, усе абкладаюцца падаткамі. “Звязда” піша пра выдавецкія, бізнесменскія справы, у якіх замешаны і сыны В.Адамчыка. Агулам, цяжка становіцца жыць у бардаку, у якім усе мы апынуліся”. Аўтар той пісаніны, калі не памыляюся, Бярсуцкі. Ніякіх адкрыццяў у звяздоўскім артыкуле не было. Ён пераказваў матэрыялы з іншых газет: з “The New York Times” і “international Herald Tribune”, з “Советская Белоруссия” ды “Свабоды”. Газеты пісалі пра новыя фенамены бульварнага чытва, пра восем працягаў Мітчалаўскіх “Развеяных ветрам” ды зборы сапраўдных і фальшывых раманаў Чэйза на рускамоўным рынку. Для Танка змена культурнай парадыгмы выглядала бардаком. Таталітарны век Максіма Танка скончыўся назаўжды.
07kiepka

(no subject)

Танк і прэміі

Танк бясконца засядаў у розных камітэтах па прэміях. Ён дзяліў найбуйнейшыя ў СССР узнагароды, прысуджаў нават Ленінскія і дзяржаўныі прэміі. Таму ён рэўнасна ставіўся да іншых прэмій, якія ў свеце атрымлівалі заангажаваныя ў палітыку паэты. З-за гэтага і напісаў, “што Нобелеўскія прэміі заўсёды прысуджаюцца некаму на злосць” і “Чытаю нашы гістарычныя нарысы і раманы і ўсё больш пераконваюся ў адсутнасці ў іх “абсалютнай праўды” (Ніцшэ). Колькі памылак дапусціў нават Нобелеўскі камітэт у ацэнцы многіх літаратурных твораў! Былі ж калісці кандыдатамі на прэміі міру нават Гітлер і Чэмберлен”. Чэмберлена з Гітлерам, як я разумею, вылучылі на прэмію за перамовы і падпісанне Мюнхенскай дамовы, свет спадзяваўся, што з Адольфам Гітлерам можна весці дыялог, можна дамовіцца, і вайны не будзе. Добра, што ў Нобелеўскім камітэце пераважала колькасць разумных і дальнабачных людзей. Гітлер прэмію не атрымаў, і прэмія захавала свой аўтарытэт, што нельга сказаць пра Ленінскую ды Сталінскую прэміі, атрыманыя Максімам Танкам.