Tags: Раман Заслонаў

07kiepka

(no subject)

2018. Раман і прозвішча

Ніхто не стане спрачацца з тым, што цяжка насіць прозвішча вядомага героя сусветнай вайны. Пагатоў, калі гэта не проста супадзенне, а ўсе ведаюць, што гэта прозвішча твайго дзеда. Ты робішся часткай кінафільмаў пра дзеда-партызана. Часткай музея дзеда-падрыўніка. Часткай кніжак пра Вялікую Айчынную вайну і яе героя Канстанціна Заслонава, якому на чыгуначнай станцыі ў Воршы стаіць вялічны помнік. Ад залішняй пафаснасці Рамана Заслонава выратавалі самаіронія і аптымізм. Калі можна ад нечага аджартавацца, Раман абавязкова аджартуецца, а калі трэба стаць сур’ёзным і адказным, ён спакойна вернецца ў разважлівы і сур’ёзны стан. Думаю, што герою вайны спадабаўся б ягоны ўнук-мастак, чые карціны вісяць у самых розных месцах на свеце, а яшчэ і ў мінскім рэстаране з назвай “Заслонаў”.
07kiepka

(no subject)

2018. Раман і артыстычны арыстакратызм

Арыстакратыя даўно сышла з гістарычнай сцэны. Яна згінула ў рэвалюцыйных бітвах і пад нажом гільятыны. Але арыстакратычны дух і арыстакратычны артыстызм засталіся ў творах мастацтва і працягваюць культывавацца асобнымі мастакамі і літаратарамі. Тое, што было запачаткавана жывапісцамі Бушэ і Вато ў часы ракакако, знайшло працяг у светланосных краявідах імпрэсіяністаў. Манэ і Дэга самыя сапраўдныя арыстакраты ў сваёй творчасці. Нават звычайны стог сена на карціне Клода Монэ выглядае пастаральна і арыстакратычна. Не менш арыстакратычны і постімпрэсіяніст Латрэк, нават вульгарны танцор на ягоных плакатах выглядае прынцам з блакітнай кроўю. Увесь блакітны перыяд у Пабла Пікаса, які захапіўся ман’ерыстычнымі вобразамі Эль Грэка, варта лічыць узорам артыстычнага арыстакратызму. У беларускім мастацтве да артыстычнага арыстакратызму ніхто не дайшоў, але былі спробы да яго наблізіцца. Найбольш яркай спробай такога набліжэння можна лічыць тэатральна-казачны перыяд у творчасці Рамана Заслонава. Шкада, што мастак не дайшоў да вяршыні, не дасягнуў мэты, але сам намер варты ўхвалення. Спроба ўзысці на вяршыню зачароўвае... Цяжка заставацца арыстакратычным артыстам, калі тон у мастацтве задаюць гандляркі і кухары, калі танная катлета больш важная за шыкоўны букет, калі апранахі лічацца даражэйшымі за цела... Таму я выдатна разумею мастакоў, якія адмовіліся займайцца артыстычным арыстакратызмам.
07kiepka

(no subject)

Раман і паласатыя тканіны

Тканіна з шырокімі кантрастнымі палоскамі – сама выразнасць. З такой тканіны рэвалюцыйныя мадэрністы марылі зрабіць касцюмы для лётчыкаў, для жыхароў ідэальнага Горада Сонца. Мадэрністы марылі пабудаваць рай на зямлі і ў ім выгадаваць новага дасканалага чалавека. Каб збудаваць новае, яны вырашылі зруйнаваць старое і абрынулі чалавецтва ў пекла сусветнай вайны. На руінах пасляваенных дзяржаў замет Гарадоў Сонца будаваліся канцэнтрацыйныя лагеры і распачалі працу рэпрэсіўныя машыны. Чалавецтва само не заўважыла, як апынулася ў віры другой сусветнай вайны. З паласатай тканіны пачалі шыць не строі для новага чалавека, а робу для лагерных рабоў. Пасля другой сусветнай вайны мастакі намалявалі тысячы карцін з рабамі ў паласатай робе. Беларускі мастак Савіцкі зрабіў змрочны цыкл карцін пра жыццё і смерць рабоў у паласатых робах. За Савіцкім паласатую тканіну пачалі пісаць на сваіх палотнах і навучэнцы жывапіснай майстэрні, якой ён кіраваў. Больш за астатніх навучэнцаў Савіцкага паласатую тканіну палюбіў Раман Заслонаў. Ён і зрабіў тое, што добры вучань робіць з настаўнікам. Ён мінус памяняў на плюс. Ён лагерную трагедыю ператварыў у тэатральны вадэвіль. Замест худых лагерных рабоў на карцінах Рамана з’явіліся худыя манікенніцы. Замест бела-сіняй паласатай тканіны намаляваліся чырвона-белыя, блакітна-белыя і бела зялёныя драпіроўкі. Роба прапала, а на яе месцы зазіхацелі шыкоўны сукенкі. Калі хто не ведае, ён ніколі і не здагадаецца з якога лагернага чарноцця паўстаў квяцісты свет карцін Рамана Заслонава.
07kiepka

(no subject)

2018. Раман Заслонаў і пазітыў

Адной з самых заганных рысаў у чалавеку я лічу штучны пазітыў. Сам я не пісіміст, люблю весялосць і карнавальнасць, гумар мяне радуе, камедыі мяне цешаць, але жыццё трагікамічнае, за вясёлкавым днём абавязкова насунецца чарноцце ночы. Таму і раздражняюся, калі бачу дурнаватую радасць там, дзе варта пабыць у спакоі. Наогул арганічны пазітыў я мала ў каго сустракаў. Гэта ўнікальная з’ява. Чалавек жартуе і табе смешна, ён распавядае пра самае звычайнае і будзённае, а ўсім весела. Такая здольнасць ёсць у Рамана Заслонава. Мне з ім заўжды цікава і радасна. Як на мой розум, з Рамана мог бы атрымацца выдатны рэдактар сатырычнага часопіса. Ён мог бы здымаць караткаметражныя камедыі. Мог бы ставіць у камерным тэатры аднаактовыя п’есы. Замест усяго гэтага Раман Заслонаў піша алейнымі фарбамі карціны на палатне. Не стану казаць, што ў іх атсутнічае пазітыў і аптымізм, усё гэта ў іх ёсць, але аптыміз і пазіты ў карцінах Рамана Заслонава грунтоўны і сур’ёзны.
07kiepka

(no subject)

2018. Раман і проста так

На прэзентацыі кнігі маёй дачкі сустрэў Рамана. “Я пазваню табе на гэтым тыдні!” – “Пазвоніш?” – “Пазваню! Проста так пазваню!” – “Проста так?” – “Проста так!” – “Ты мне пазвоніш проста так?” – “Я табе пазваню проста так!” Тыдзень праляцеў. Раман не пазваніў. Сапраўды, на што я спадзяваўся? А на што спадзяваўся Раман, калі казаў, што можа ўзяць і проста так пазваніць? Карацей, мы сябе кепска ведаем.
07kiepka

(no subject)

2018. Заслонаў і паветра

Раман Заслонаў тры гады правучыўся ў акадэмічных майстэрнях, якія ўзначальваў Міхаіл Савіцкі. У Савіцкага была адна вельмі брутальная загана – публічныя антысіміцкія выказванні. Ён шмат пра што казаў з пагардай. Мог і пра беларушчыну лухты нагаварыць. Але ж антысімітызм заўжды быў у яго на першым месцы ў святым змаганні з сусветным злом. Савіцкі стаяў на даволі высокай прыступцы ў сацыяльнай лесвіцы, таму большасць тых, хто знаходзіўся ніжэй за Савіцкага, стараліся не заўважаць ягоных тырад “пра жыдоў і паўжыдкаў”. У Беларусі не было іншай аспірантуры для жывапісцаў акрамя той, якой кіраваў Міхаіл Андрэявіч Савіцкі, таму мастакі, якія не падзялялі палітычныя і рэлігійныя погляды ваяўнічага антысіміта, усё адно ішлі да яго ў вучні. Вучыўся ў Савіцкага і Раман. Яму даводзілася чуць у свой бок самыя розныя абразы. Трываць такое цяжка. “Рома, як ты змог так доўга вытрымліваць лаянку і здзекі Савіцкага?” – спытаў я ў Заслонава. “Як толькі Савіцкі пачынаў лаяяца, я рабіўся празрыстым і бязважкім. Абразы праляталі праз мяне, як страла пралятае праз паветра. Яны праляталі хутка і не пакідалі следу. Так і вытрываў, так і скончыў аспірантуру…” Адказ Рамана Заслонава мне спадабаўся, бо сам я не здатны быць празрыстым і бязважкім, як паветра.
07kiepka

(no subject)

2018. Раман і тэатр

Ёсць мастакі, для якіх самае важнае з усіх мастацтваў – тэатр. Калі яны малююць партрэт, у іх заўсёды атрымліваецца тэатральны партрэт. Калі яны пішуць краявід, атрымліваецца заднік дэкарацыі з краявідам. Нават батальныя сцэны выглядаюць у іх так, нібыта ў бітве ўдзельнічаюць не вайскоўцы, а пераапранутыя ў вайсковую форму студэнты і аматары ролевых гульняў. Такая тэатральнасць з’явілася ў палотнах Вато. Пазней яна цудоўна прамалявалася ў гуашах Бенуа, Сомава і Бакста. Найбольш натуральна тэатральная жывапіснасць і лялечнасць паўстала ў палотнах Тышлера. Цяпер падобная стракатая тэатральнасць пануе ў творчасці Рамана Заслонава. Ён наскрозь тэатральны. Ён любіць сцэну. Любіць тэатральныя сукенкі, строі і капялюшыкі. На тэатральнай казачнасці Раман выбудаваў свой жывапіс, завёз яго ў самы казачны горад – Парыж і там дадаў да яго сапраўднасці і пераканаўчасці пазычанай у паветры Шарля Перо.

2018. Заслонаў і паветра

Раман Заслонаў тры гады правучыўся ў акадэмічных майстэрнях, якія ўзначальваў Міхаіл Савіцкі. У Савіцкага была адна вельмі выразная загана – публічныя антысіміцкія выказванні. Савіцкі стаяў на даволі высокай прыступцы ў сацыяльнай лесвіцы, таму большасць тых, хто стаяў ніжэй за Савіцкага, стараліся не заўважаць ягоных тырад “пра жыдоў”. У Беларусі не было іншай аспірантуры для жывапісцаў акрамя той, якой кіраваў Міхаіл Андрэявіч Савіцкі, таму мастакі, якія і не падзялялі палітычныя і рэлігійныя погляды Савіцкага, усё адно ішлі да яго ў вучні. Вучыўся ў Савіцкага і Раман. Яму даводзілася чуць у свой бок розныя абразы. Трываць такое цяжка. “Рома, як ты змог так доўга вытрымліваць лаянку Савіцкага?” – спытаў я ў Заслонава. “Як толькі Савіцкі пачынаў лаяяца, я рабіўся празрыстым і бязважкім. Абразы праляталі праз мяне, як страла пралятае праз паветра. Яны праляталі хутка і не пакідалі следу. Так і вытрываў, так і скончыў аспірантуру!” Адказ Рамана Заслонава мне спадабаўся, бо сам я не здатны быць празрыстым і бязважкім, як паветра.
07kiepka

(no subject)

2018. Заслонаў і стол

Раман Заслонаў два разы ўзапар запрасіў мяне на сваю выставу “Стол”.

Першы раз я прыйшоў і апынуўся сярод некалькі сотняў такіх жа запрошаных. Я паглядзеў на гледачоў. Навітаўся і наўсміхаўся да болю ў шчоках. Напаціскаўся мастакоўскіх і журналістскіх далоняў. Пастаяў каля сцяны побач з Ярмошынай. Нафатаграфаваўся з самымі рознымі персанажамі. Нагаварыўся пра жыццё-быццё з акторам Дзянісавым і жывапісцам Дзенісенкам. Уласна выставы я ў той вечар і не пабачыў.

Другі раз я быў адным з нешматлікіх гледачоў. На выставе было светла і прасторна. Карціна з сотнямі сталоў была прыгожай як свежыя і спрасаваныя габлюшкі. Раман завёў мяне ў кіназалу, і мы разам паглядзелі ягоны фільм “Стол”. За бясконцым сталом сядзелі розныя сУчаснікі. Сядзеў сам Рома, сядзеў актор Ігар Дзянісаў і глядзеў на аголеную натуршчыцу. Жывапісец Слава Лямачка ласкава пляснуў мастакоўскай даланёю па аголенай жаночай дупе і сказаў, што ў нашым тэатральна-мастацкім інстытуце была знакамітая натуршчыца Соня. У Соні былі такія вялікія цыцкі, што студэнты называлі яе Ракетаносец. За сталом было шмат актораў і акторак. Яны елі, пілі, смяяліся, плакалі, танцавалі... Яны жылі і паміралі. Фільм скончыўся сваім пачаткам. Фільм пайшоў на другое кола, пайшоў для другіх гледачоў. Гледачы віншавалі Рамана Заслонава з поспехам. Глядачкі цікавіліся жывапісам. Цікавіліся, дзе і што можна набыць.

Я паабяцаў Раману, што напішу пра два запрашэнні на выставу “Стол” і напісаў...
07kiepka

(no subject)

1979. Заслонаў і паўза

У жывапісца Рамана Заслонава вельмі тэатральнае прозвішча. З такім прозвішчам ты проста абавязаны любіць тэатральнае мастацтва, тэатральныя касцюмы, тэатральную сцэну. Раман усё гэта любіць. Ён малюе вытанчаных жанчын у шырачэзных спадніцах, малюе гарады падобныя да тэатральных дэкарацый, малюе ўрачыстае казачнае опернае сярэднявечча… Але тут я вырашыў расказаць пра ягоны вопыт артыста. У Рамана выдатныя артыстычныя здольнасці. Калі ён выходзіў на сцэну нашага тэатральна-мастацкага інстытута, усе ведалі – будзе весела, будзе смешна і будзе лепей за выступы студэнтаў з тэатральнага факультэта. Чаму лепей? Таму што Раман Заслонаў не будзе рабіць знарочыстых пауз. Студэнт-артыст выходзіў на сцэну і завісаў – трымаў паузу. Раман выбягаў і скакаў, і спяваў, і танцаваў. Пауз у выступах Заслонава не было, і за гэта мы ўзнагароджвалі яго воплескамі. Раман рабіў нізкі паклон, заслона апускалася, а ўдзячныя гледачы ўсё яшчэ працягвалі напаўняць залу апладысментамі. Пра такое нават згадаць прыемна.
07kiepka

(no subject)

2017. Заслонаў і цыбульны суп

Да мяне ў студыю завітаў жывапісец Раман Заслонаў. Пасля адкрыцця сваёй выставы на Венецыянскім біенале Раман вырашыў крыху адпачыць і пагуляць па травеньскаму Парыжу. Мы пахадзілі па маляўнічаму яўрэйскаму раёну Марэ. Пазаглядалі ў розныя дарагія і танныя крамы. Да нашай кампаніі далучыўся сын Рамана – Піліп. Мы пачалі абмяркоўваць рэстарацыі. Наш выбар спыніўся на традыцыйнай французскай рэстарацыі «Філосафы». Там Раман і пачаставаў мяне цыбульным супам. Варта зазначыць, што ў Парыжы трэба абавязкова пачаставацца цыбульным супам. Я не гурман, але французскі цыбульны суп з'едзены ў рэстарацыі «Філосафы» зрабіў на мяне вялікае ўражавнне, амаль такое, як і калаж Анры Маціса «Маркота караля». Ты можаш абурыцца… Дзе той суп, а дзе Маціс? Такія рэчы нельга параўноваць! Не параўноўвай. Я наогул сумняваюся, што ты бачыў «Маркоту караля» ў арыгінале. Ха-ха! Карацей суп быў выдатны. Мая жонка, якая далучылася да нас у «Філосафах» замест супу замовіла сабе салату з буракоў. Салата была самая звычайная, а цыбульны суп мяне пацешыў. У юнацтве я чытаў, што скульптар Радэн любіў і штодня еў цыбульны суп. Цяпер я выдатна разумею Радэна. Пасля вячэры мы схадзілі на востраў Святога Луі. Раман спытаў: «Трыццаць гадоў назад тым мог сабе ўявіць, што цябе запросяць пажыць і папрацаваць у Парыж, што ты праедзеш сюды, а тут у Францыі буду жыць і працаваць я, што мы з табой будзем гуляць каля Сены і глядзець на Нотэр Дам? Мог?» Раману я сказаў, што не мог. У маладосці, калі мы разам з Раманам вучыліся ў інстытуце, я і сапраўды не мог такую карціну ўявіць, але ў таемным кутку душы я на такое спадзяваўся і верыў, што нешта падобнае са мной здарыцца і я пакаштую ў Парыжы цыбульны суп.