Tags: Танк

07kiepka

(no subject)

Танк і Пагоня

У дзённіку (11.10.1991) Танка ёсць і такі радок: “Выправіў свой стары верш “Ты чуеш, брат”, прысвечаны “Пагоні”, напісаны яшчэ ў 1930 г.” Вось фрагмент верша:

Пагоні сілы баявыя,
І вы рыхтуйцеся ў паход,
Каб знішчыў путы векавыя
Наш заняволены народ.

Глядзіце ў будучыню смела!
Настаў доўгачаканы час,
Пад сцягам бел-чырвона-белым
Чакае перамога нас…

“Ты чуеш, брат” у зборы твораў Максіма Танка датуецца вельмі дакладна – 13.02.1930.

Што выпраўляў Танк не ведаю. Як не ведаю, ці захаваўся стары, а не перапісаны ў дзённік, рукапіс верша.

Варта сказаць: верш Танка дакладна трапляе ў шэраг найлепшых твораў прысвечаных асноўнаму міфу беларасаў пра Пагоню, якая даганяе і знішчае ўсіх радзімапрадаўцаў.
07kiepka

(no subject)

Танк і рыфма

З усіх танкаўскіх самая танкаўская рыфма “рэвалюцыі-рэзалюцыі”. З палымянага віленскага камунара Жэніка Максім Танк зрабіўся партнаменклатурным чыноўнікам Яўгенам Іванавічам. Менавіта такая дыялектыка і адлюстроўваецца ў згаданай рыфме, таму і гучыць яна ў вершы “Як многа гаворым і нудна…” арганічна. З’яўленне гэтай жа рыфмы ў іншых беларускіх паэтаў выклікала ў мяне неразуменне і нават агіду.
07kiepka

(no subject)

Танк і завершанасці

“…адна з прычын самагубства мастакоў – адчуванне завершанасці сваёй місіі. Я, напрыклад, не ведаю, што мог бы новага яшчэ сказаць Ясенін, Маякоўскі, калі б і далей яны жылі. Нават – Купала,” – разважае Танк. Але такой завершанай місіі ён не пабачыў у паэткі Янішчыц: “Сёння (22.11.1988) пакончыла з сабой Жэня Янішчыц. Усе хадзілі, як аглушаныя. Што яе змусіла выкіннуцца з сёмага паверха сваёй новай кватэры?” На мой розум, місія Яўгеніі Янішчыц была цалкам завершанай. У той час я некалькі разоў з ёю сустракаўся: і калі рабіў для Жэніных літаратурных выступаў рэкламны плакат, і калі прасіў падтрымаць легалізацыю таварыства маладых літаратараў “Тутэйшыя”. Янішчыц ухваліла стварэнне “Тутэйшых”. Тады яна жыла з сынам у нязграбна спланаванай паўпадвальнай і заўсёды сыраватай аднапакаёўцы. Пераезд з паўпадвала ў светлую ды прасторную зусім новую кватэру, безумоўна, быў для яе значнай падзеяю, але тое, што адбывалася тады ў грамадстве і, адпаведна, у літаратуры, моцна засмучала Жэню. Гінула імперыя са сваімі каштоўнасцямі. Нараджаліся дзяржавы з новымі ідэаламі. Да кардынальных зменаў Янішчыц была не падрыхтаваная, яна не бачыла сябе ў змененым жыцці. Паэтка загарнулася ў коўдру і скочыла з гаўбца.
07kiepka

(no subject)

Танк і заўвага

Ведаў гэтае назіранне, як народнае, а цяпер чытаю пра яго ў Танка: “Дасціпная і сціплая заўвага: “Дзяўчына з задзёртай сукенкай (Я чуў варыянт з задранай спадніцай.) можа бегчы хутчэй, як мужчына са спушчанымі штанамі”. Не помню зараз, дзе я гэта чуў ці чытаў”. Я таксама не памятаю, ад каго пачуў пра штаны і спадніцу ўпершыню, але я цяперака ведаю, што прачытаў пра іх у зборы твораў Максіма Танка падрыхтаванага Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі.
07kiepka

(no subject)

Танк і смазабойства

Ёсць у Максіма Танка і такі запіс пра самазабойства: “Трагічная звестка з Малдавіі: застрэліўся Павел Боцу. Ніколі не верыў і не веру, што самагубства – праяўленне слабасці”. Рэвалюцыянеру Танку заўжды была блізкай і зразумелай самаахвярнасць. Таму ён прымаў самагубства, як збавенне ад непатрэбных пакутаў. Таму ён бачыў у самазабойстве праяву моцы чалавека. Таму, чытаючы ягоныя дзённікі, мяне дзівіць напісанне слова “Бог” з вялікай літары. Перакананы: Танк амаль заўжды пісаў “бог”.
07kiepka

(no subject)

Танк і засланы ложак

Распавядаючы пра бальнічную раніцу, Танк кажа: “Сусед мой дзівіцца, што я прыгожа засцілаю ложак. А гэта ў мяне яшчэ з Лукішак, дзе патрабавалі засцілаць “як належыць”…” Паэта Максіма Танка прывучылі зграбна засцілаць ложак у турме. Мяне навучылі хутка ўпарадкаваць сваё спальнае месца яшчэ ў дзіцячым садку. Штолетнія наведванні піянерскіх лагераў адшліфавалі да бляску маё майстэрства засцілання розных ложкаў. Цяпер я не магу знаходзіцца ў пакоі з неахайным ложкам, а відовішча акуратнага ложка цешыць маё вока.
07kiepka

(no subject)

136.76 КБ

Адам Глобус "Ісікава Такубоку" 1981 год. Палатно, тэмпера 85х60 см.

Танк і выстава

“Быў на надзвычай цікавай выстаўцы, прысвечанай 90-годдзю з дня нараджэння М. Багдановіча. Трэба будзе яшчэ раз пайсці на яе, бо на адкрыцці было шмат народу, і ў гэтай мітусні не было як даўжэй спыніцца ля многіх партрэтаў, карцін, графічных работ.” – запісаў Танк 28.11.1981. Экспанавалася на той, сапраўды ўдалай, выставе і мая карціна “Партрэт японскага паэта Ісікавы Такубоку”. Выставачнаму камітэту, які ўзначальваў Уладзімір Стэльмашонак, давялося доўга тлумачыць, што Багдановіч пісаў вершы ў японскай форме танка, што лёс Такубоку і лёс Багдановіча вельмі падобныя ў сваім драматызме, што Такубоку носіць ганаровае званне – любімы паэт Японіі, як мы назаваем Багдановіча – любімы паэт Беларусі. Маю жывапісную працу прынялі на выставу і павесілі побач з плакатамі. Цяперака ў Беларусі не праводзяцца вялікія выставы прысвечаныя любімым паэтам, цяпер праходзяць выстаўкі прысвечаныя розным катам і палітычным падзеям.
07kiepka

(no subject)

1980. Танк і Гілевіч

Прачытаў у Танка: “1980.26.ХІІ. Гутарыў з І.Шамякіным. Зноў – казаў – на партсходзе Ніл Сямёнавіч намякаў на розныя закулісныя махінацыі ў СП пры размеркаванні кватэр. Ну і дзівак! Лічыць, што толькі ён – самы, самы, самы…” Прачытаў і згадаў, як гэты “дзівак” напісаў смешную заяву на пашырэнне сваёй жылплошчы. У той заяве Гілевіч, маючы на трох чалавек вялікую трохпакаёўку, выпрошваў у дзяржавы дадатковыя пакоі для кніжак! Заяву разглядалі, пакоі для кніжак не далі, адно пасмяяліся з праўды і шчырасці камуніста Нінела Сымонавіча Гілевіча.
07kiepka

(no subject)

Танк і бронза

Злыязыкі Барадулін кінуў у твар творцам: “Не спяшайцеся бранзавець!” Барадулін быў з таго пакалення, якое забранзавець не паспела, бо прыйшло ў час адлігі. Забранзавелі аблаўрэачаныя і раскормленыя дзяржхарчамі папярэднікі. Яны – лаўрэаты сталінскіх прэмій і носбіты ленінскіх ордэнаў – бесперапынна банкетавалі і засядалі на розных урачыстых мерапрыемствах. За даўжэзнымі пазасціланымі чырвонымі анучамі сталамі, пад вялізнымі партрэтамі правадыроў сядзелі забранчавелыя літчыноўнікі. Таталітарная імперыя верыла ў тое, што такім чынам можна кіраваць і творчымі працэсамі. Самым аблаўрэачаным, закормленым і забранзавелым з вядомых мне беларусаў быў, безумоўна, Максім Танк. Ён, часам, быў падобны да надмагільнага помніка самому сабе. Таму не выпадкова Танк піша ў патаемным дзённіку: “Быць чыноўнікам ці нейкім кіраўніком для пісьменніка – раўназначна смерці”. Правільная думка, яна б і засталася правільнай, каб не з’явіўся наступны сказ: “Праўда, нават алімпіец Гётэ быў прыдворным міністрам”. Забранзавеласць робіцца відавочнай, і згадваецца жарт… Танк зрабіў выдатную палітычную кар’еру бо распавядаў Хрушчову пахабныя анегдоты, а Мікіце Сяргеявічу танкаўская пахабшчына падабалася, смяяўся да слёз.
07kiepka

(no subject)

Танк і трывожныя зоры

“Беларускі народ выпакутаваў сваіх паэтаў, мастакоў – вялікіх і малых. Усе яны нараджаліся пад трывожнымі зорамі. І нам заўсёды нешта пагражала,” – так думаў Танк паўстагоддзя назад. Ці шмат змянілася за паўстагоддзя для беларускіх паэтаў і мастакоў? Не. Нам пагражаюць. У сэрцах паэтаў і мастакоў – трывога.