Адам Глобус (adam_hlobus) wrote,
Адам Глобус
adam_hlobus

z 2010. Шыма і Швед

Пад крамаю сустрэў Шыму. Гэта той Шыма, які прачнуўся ў сваёй кватэры з нажом у руцэ і двума трупакамі на падлозе. Адвакат трапіўся правільны, суд за Шымай празнаў толькі перавышэнне вымушанай самаабароны. Шыма адседзіў свае поўныя пяць гадоў… Зрэшты, пра гэта і так усе даўно ведаюць. Прайшло, прамінула. Шыма папрасіў у мяне пяць рублёў на гарэлку. Звычайна, я не даю Шыме грошы. Зразумела! Дасі, ён зноў прачнецца на варэльні з нажом ў руцэ… Але гэтым разам Шыма моцна прасіў, казаў пра запой, які цягнецца больш за месяц. З шостага кастрычніка па трынаццатае снежня Шыма несупынна п’е. Я даў грошы на сто пяцьдзесят беларускага бальзаму. Шыма адсёрбнуў з рыльца грамаў трыццаць і распавёў пра Шведа. Наш агульны знаёмы Сяргей Шаўцоў, мянушка Швед, з’ехаў жыць на вёску. Ён набраў у Філарэта замоў на вырабленне аналое і рамаў для алтара. Замовы Швед не зрабіў, бо не даглядзеў дрэва. Дуб, які ён сушыў для працы, парвала. Дрэва патрэскалася, і Швед не выканаў замовы. Давялося яму ісці ў нарыхтоўшчыкі дроваў. Цяпер Швед ходзіць па вёсках і дапамагае спраўным гаспадарам пілаваць і калоць дровы. Мне ўявілася, як на марозе пад снегам я са Шведам кладзем на козлы бярозавае бервяно і пачынаем яго разпілоўваць на акуратныя чуркі. Я нават парадаваўся за Шведа, а Шыма зрабіў выгляд, што падзяляе маю радасць за таварыша і адсёрбаў наступныя траццаць грамаў духмянага бальзаму.
Tags: сУчаснікі
Subscribe

  • (no subject)

    2017. Юля і Саша Размаўляеш з чалавекам і міжволі адчуваеш, што ён ставіцца да цябе, як велікан да ліліпута. З чаго б? Адразу і не скажаш. Падобная…

  • (no subject)

    2016. Цвірка і дзеўкі Убачыў паэта Кастуся Цвірку. Каго-каго а Цвірку мне заўжды прыемна сустракаць. «Ты да дзевак?» – пытаецца паэт.…

  • (no subject)

    1969. Соня і ліфт З'яўленне новай прафесіі заўсёды здзіўляе і нават радуе. Не было, не было, а тут раз і на табе – ёсць. Так я бачыў з'яўленне…

  • Error

    Anonymous comments are disabled in this journal

    default userpic

    Your reply will be screened

    Your IP address will be recorded 

  • 2 comments