Адам Глобус (adam_hlobus) wrote,
Адам Глобус
adam_hlobus

2018. Трамп і прынц

Ёсць пісакі, якія дня пражыць не могуць каб не нашрайбаць пару-тройку абзацаў пра прэзідэнта. Адны з іх абліваюць прэзідэнта бруднаслоўем, другія ліслівяць і віляюць хвастамі. Сам я не з такіх, пра прэзідэнта пішу зрэдзьчасу і прынагодна. Тут якраз і надарылася нагода. Адзін з найлепшых часопісаў у свеце “Нюёркер” ахвяраваў сваю першую вокладку пад карыкатуру. “Нюёркер” часопіс элітны, снобскі і эстэцкі. Ягоная эстэцкасць, элітарнасць і снобскасць самыя-самыя бо яны амерыканскія. Таму і карыкатура на вокладцы амерыканская і галоўны персанаж на той карыкатуры нагадвае дзейснагана амерыканскага прэзідэнта. Праўда ад усяго персанажа на карыкатуры верхняя частка галавы са светлым чубам. Галава тая сядзіць у чорнай дзірцы, якая абрысамі падобная на каналізацыйны люк. Такім малюнкам “нюёркерцы” адгукнуліся на развагі Трампа пра эмігрантаў. Амерыканскі прэзідэнт выказаўся наконт эмігрантаў, якія прыязджаюць з нейкіх чорных дзірак, а ён хацеў бы, каб яны прыязджалі з Нарвегіі... Чытаючы пра Трампа, разглядаючы чорную дзірку і белы чуб, я згадаў госця з Нарвегіі, які завітаў у наш Мінск. Ішоў я па вуліцы і сустрэў сваіх знаёмых, яны вялі гасцей з той самай Нарвегіі, якую ўпадабаў Трамп. Сярод гасцей быў нарвежскі прынц. Такое здарецца, ідзеш па Мінску і сустракаеш прынца нарвежскага. Фатаграфуешся і шыбуеш сабе далей. Пра тое вясёлае фатаграфаванне я нават паспеў забыцца. Але Трамп мне нагадаў пра яго. Між намі, скажу табе шчыра, да слоў амерыканскага прэзідэнта варта ставіцца сур’ёзна, нават, калі ён кажа пра нейкія там чортавы чорныя дзіркі. Думаю, што для Беларусі, як і для Амерыкі, добра, калі прыязджаюць госці з Нарвегіі, і зусім добра, калі сярод тых гасцей ёсць прынц.

prync-2017.jpg
Tags: Осла, сУчаснікі-2
Subscribe
  • Post a new comment

    Error

    Anonymous comments are disabled in this journal

    default userpic

    Your reply will be screened

    Your IP address will be recorded 

  • 0 comments