Адам Глобус (adam_hlobus) wrote,
Адам Глобус
adam_hlobus

Брыль Янка

Янка Брыль (Вайна з Кітаем)
створаны: 16.03.2003, абноўлены: 05.08.2003 07:26, камэнтароў: 54

ВАЙНА З КІТАЕМ

запісы на палях кнігі Янкі Быля (Івана Антонавіча) “Вячэрнее”

Брыль Янка (Іван Антонавіч). Вячэрняе (А чаму не “Вечаровае”?). Лірычныя запісы і мініяцюры. – Мінск: Мастацкая літаратура.

Напэўна, мяне не зразумеў бы празаік Вячаслаў Адамчык. Але я яго выслухаў бы і сказаў: “Напішыце ўсё, што вы гаварылі”. А ён не напісаў, бо не любіў крытыку, не любіў рэцэнзіі і руціну.

А я люблю, як Іван Антонавіч, розную драбязу: нататачкі, замалёўкі, накіды, анекдоты, жарты, гумарэскі… Люблю ўсе жанры, з якіх складаецца кніга “Вячэрняе”. А таму яна прачыталася з першай старонкі да 352-й, дзе пазначаны наклад кнігі – 9000 асобнікаў і дата здачы ў набор – 20.01.94. І вось што адразу ўражвае – у 1994-м годзе на 3-й старонцы друкавалі: “Нашу цярплівасць мужыцкую і нашу светлую веру падтрымаў нядаўна Ленін, голас якога ў гэтым пытанні камусьці трэба было хававць ад народа”. Вось з такіх сказаў пачынае новую-чарговую кнігу мілы Іван Антонавіч. Народны пісьменнік Беларусі клапоціцца пра беларускі народ належным чынам. І на прыканцы той жа 3-й старонкі робіць заяву: “Не буду выціраць або вырываць старонкі, прысвечаныя Сталіну”. І правільна, любы Іван Антонавіч. Кнігі трэба берагчы, старонкі вырываць не трэба. А то, як пачнеш выдзіраць старонкі, дык нічога не застанецца, апрача вокладак. Тым больш, напісанае не вырвеш, каб і хацеў. Што напісанае, тое ўжо і сякераю не панішчыш. Хай жывуць любыя вашаму вялікаму шчыраму сэрцу радкі пра Язэпа Вісарыёнавіча Джугашвілі.

Я ўсё разумею, калі вы кажаце: “у магазіне савецкай кнігі вельмі прыемна было ўбачыць свае, на рускай мове, і падпісаць іх людзям, з нейкім зусім новым, небывалым пачуццём”. Ну, тым самым пачуццём глыбокага задавальнення, пра якое так хораша казаў незабыўны Леанід Ільіч Брэжнеў. Я ўсё разумею, я кемлівы ад прыроды, ад навукі, ад бібліятэкі і бацькоў. Я вам спачуваю, шаноўны Іван Антонавіч. Вас не раз стамлялі розныя рознасці, і вось вы пішаце: “стамляе таксама сыты, часты харч і аднастайнасць вечароў, з картамі і папяросамі”. І тады можна паверыць белатрысту Арлову, які заявіў у газеце СВАБОДА, што мы ўсе стаміліся. Але ў Арлова дэкларатыўная легкаважкасць, а ў вас шчырасць, і яшчэ “моц і вечнасць сапраўднага слова”. І я цяпер дакладна ведаю: хто ад чаго стаміўся. Ад жыцця, вядома, стамляешся, але вы заўсёды знаходзілі ў сабе сілы на глыбокія і шырокія пачуцці. Хоць бы ў такім запамінальным эпізодзе: “Пазаўчора, калі ігралі пасля абеду ў карты, убачыў, як дзяўчынка-падлетак несла знізу, па сходах цяжкі абярэмак адпрасаванай пасцельнай бялізны. Шкада зрабілася яе, нібы сваю, і падумаў: “Яна вось бачыць нас “паноў савецкіх” (Запісана ў Доме творчасці.) і не падумае нават, што ў душы аднаго з іх з’явілася пачуццё да яе, як да роднай”. Так-так, Іван Антонавіч, у яе не з’явіцца ніякага пачуцця, бо яна не ведае, што вы ПАНОЎ САВЕЦКІХ бярэце ў двукоссі. А я ведаю, і ў мяне з’ўляецца да вас цёплае пачуццё роднаснай блізкасці. І я дарую вам “вівісэкцыі”.

Вашае сэрца ўсё яшчэ сціскаецца ад болю і спагады, і вы пішаце: “Людаедства. І гэта ў палавіне ХХ стагоддзя, пасля Талстога і Леніна!” А хіба наясіся Талстым і Леніным? І няма цудадзея, які б накарміў галодных сытым і частым харчам. І вы гэта цудоўна спазналі, бо вельмі чуллівы. Вы адчуваеце “боль ілжы, боль віны перад праўдай жыцця”. Толькі не буду хаваць, ёсць паміж намі розніца, я не люблю вайну, а вы пішаце: “сімпатычны мне чорнарабочы вайны”. А я не паважаю “чорнарабочых”. Зрэшты, і вы вайну не любіце. Вось, да прыкладу, канфлікт з Кітаем: “… пасля паведамлення пра кітайскую агрэсію, быў жах і боль… Адразу, міжвольна, думалася пра пяцітомнік, які не выйдзе…” Як правільна думалася, дарэчы! А пра што павінен думаць літаратар? Пра творы і тамы. Але думкам не загадаеш, і плывуць яны, гадзіны, як хочуць. “І як не думаць пра тое, што ім, кітайцам, сапраўды цесна, а ў нас да чорта дурной зямлі, нарабаванай царызмам?..” І я таксама задумаўся… У каго ў нас, паважаны Іван Антонавіч? А потым успомнілася вашае ж: “Я не памятаю самога сябе без любові да Расіі, да рускай мовы, літаратуры, не памятаю сябе беларускім нацыяналістам…” І адказ вынікае сам сабою. Адказ ён, вядома, адказ… Але што рабіць з перанаселеным Кітаем?

Пытанні, пытанні… Ніхто ніколі не адкажа на ўсе пытанні. Пытанняў болей, чым адказаў. Гэта не ў вас, Іван Антонавіч, гэта ў мяне. Я толькі вучуся быць праўдзівым і ставіць клічнікі. Як хораша ў вас стаяць клічнікі! Хоць бы ў такім вось абзацы: “Колькі ж трэба контрпрапаганды, каб давесці, што мы адтуль, дзе Кастрычнік, Ленін, Талстой!..”

Ды задзяўблі вы, таварыш Брыль, сваімі Ленінамі, Талстымі, Сталінамі, Кастрычнікамі… Абрыд канфармізм, выказаны белірускім словам.

Як неэстэтычна выглядае вашая спроба жартаваць з эротыкі: “Ужо ў нас і педэрастыя – “инакомыслие”; “Шпіёнка маладая, гладкая, і гугніла пачаў угаворваць яе… ну, даць: “Усё роўна ж табе гнісці, што ты шкадуеш!..” ”

Разумею, у вас “няпоўная сярэдняя асвета” і таму цяжка асэнсаваць тое, што адбываецца навокал.
А ваш плач па беларускай літаратуры можна спакойна трактаваць як слёзы на магіле сацыялістычнага рэалізму: “… на каго пакідаем цябе, бедная беларуская літаратура?! Што год, што месяц, то менш творчых і МАРАЛЬНЫХ аўтарытэтаў. І як грыбы-паганкі растуць маладыя…” Во закруцілі, усё адно як плюнулі супраць ветру.

Але не бядуйце, таварыш Брыль, літаратура не згіне разам з вамі. І лепшыя з вашых мініяцюр гісторык Арлоў перавыдасць у серыі “Спадчына”. Калі Арлоў адмовіцца, гэта зробіць Сакалоў. А калі і ён не захоча, гэта зраблю я.

напiсаў Адам Глобус 16.03.2003, 21:36
Tags: Брыль
Subscribe

  • (no subject)

    * Пра рэчку Моўчадзь знаёмая казала, і я не маўчаў – згадаў грэблю, якую будаваў ля купальні...

  • (no subject)

    * Давай і табе пафарбуем пазногці ў ружовы колер зробішся прыгажуном кінаневерагодным...

  • (no subject)

    * Быццам бы жартам біла мне ў грудзі нажом. Крыві не было. Сам не ведаю чаму, крыві не было зусім...

  • Post a new comment

    Error

    Anonymous comments are disabled in this journal

    default userpic

    Your reply will be screened

    Your IP address will be recorded 

  • 0 comments