Адам Глобус (adam_hlobus) wrote,
Адам Глобус
adam_hlobus

1969. Соня і ліфт

З'яўленне новай прафесіі заўсёды здзіўляе і нават радуе. Не было, не было, а тут раз і на табе – ёсць. Так я бачыў з'яўленне прафесіі ліфцёрша. У маім збольшага паяціпавярховым раёне дзевяціпавярховікаў з ліфтамі было не многа. Таму дзеці з невысокіх дамоў прыбягалі ў дамы высокія – пакатацца. З-за катанняў і неахайнага карыстання ліфты ламаліся. Дзевяты паверх без ліфта, гэта цяжка. Таму ўлады і прыдумалі паставіць вартаўніц пры ліфтавых шахтах. Паставілі і назвалі іх ліфцёршамі. Кажуць, што недзе і ліфцёры былі. Прызнаюся, я ніводнага не бачыў. Ліфцёршамі падпрацоўвалі пінсіянеркі з тых пад'ездаў, дзе меўся ліфт. Рабочыя проста перацягнулі скамейку з двара ў пад'езд. Цяпер бабулькі сядзелі не пад кустом бэзу, а проста пад бляшанымі паштовымі скрынямі. Галоўнай ліфцёршай у нашым доме была цётка Соня з другога паверха. Яна была мажной, малыя дзеці яе пабойваліся. Скажу праўду, пабойваліся не толькі дзеці. Дарослыя гэтаксама баяліся Соні, бо ў яе быў сын бандыт. Сапраўдны душагуб. Яго пачалі затрымліваць і садзіць яшчэ ў школе. Таму Соню і баяліся. Сына яе ўрэшце-рэшт асудзілі за забойства і растралялі. Увесь наш дом спадзяваўся, што дадуць гадоў дзесяць. Суддзі палічылі, што рыцыдывісту будзе лепей на іншым свеце. Пасля растрэлу Соня сядзела ў пад'ездзе адна. Бабы пабойваліся нават загаворваць з ёй, нават суцяшаць саромеліся. Ліфцёрша Соня навучылася седзячы спаць. Сядзела, склаўшы рукі на жываце, і ціхенька храпла. Праз якіх пару гадоў наш раён аброс дзевяціпавярховікамі. Мода на катанні ў чужых ліфтах прайшла. Ліфцёрш з пад'ездаў папрыбіралі. Іх папрыбіралі часова. Думалі, калі вандалізм з катаннямі вернецца, вернуць і ліфцёрш. Раённыя малалетнія вандалы знайшлі сабе іншыя заняткі, і ліфцёршы ў пад'езды не вярнуліся. Соня? Мужчыны выцягнулі лаўку з пад'езду і паставілі пад куст бэзу. Соня разам са старымі суседкамі пачала пляткарыць на свежым паветры.
Tags: маленства, сУчаснікі
Subscribe

  • (no subject)

    Туракі і мова Мінскія туракі пішуць на шыльдачках “журавинка”.

  • (no subject)

    Кароткі спіс кніг выбраных на прэмію «Залатая літара 2017»: 1. Міхал Анемпадыстаў "Колер Беларусі"; 2. Міхаіл Баразна «Выяўленчае мастацтва Беларусі…

  • (no subject)

    Вова Адамчык, які сядзіць на руках у таты Чэся, з далёкага 1959 віншуе вас з новым 2018 годам!

  • Post a new comment

    Error

    Anonymous comments are disabled in this journal

    default userpic

    Your reply will be screened

    Your IP address will be recorded 

  • 0 comments