May 23rd, 2018

07kiepka

(no subject)

1988. Сапач, Сыс і Ксавэрый

Першы раз я пачуў вершы Сапач у выкананні Сыса. На паседжанні “Тутэйшых” Анатоль Сыс урачыста абвясціў, што ў Гомлі жыве выдатная паэтка, якую мы проста абавязаны залічыць у свае змагарныя шэрагі. Каб ніхто не засумняваўся, што гомельская паэтка мае добрыя вершы, Сыс пачаў іх чытаць...

Прыходзце, калі сцямнее,
ці свята будзе, ці будзень,
калі ў азалелых прысадах
прачнуцца на ноч ліхтары…

Сыс так чытаў вершы Сапач, так стараўся, так выкладаўся, што ў нейкі момант, я быў падумаў: няма ніякай Тані Сапач, гэта Сыс такім чынам прэзентуе сваю новую паэтычную падборку пра Ксавэрыя... Пасля таго эфектнага чытання, я доўга не мог прывыкнуць да вершаў Тані ў аўтарскім сціплым і крыху занудлівым выкананні. Дарэчы, я так і не прывык да яе чытання ўласных вершаў, бо Анатоль Сыс і Кася Камоцкая рабілі гэта значна лепш за аўтарку.