May 18th, 2018

07kiepka

(no subject)

Кашкурэвіч і падзея

Ёсць графікі, якія з выхаду кнігі могуць зрабіць сапраўдную падзею. Яны здатныя зрабіць падзею з кнігай вядомай і шматкроць прачытанай. Такім графікам быў Барыс Забораў, калі аздабляў “Сымона-музыку” Якуба Коласа і казкі Аскара Ўальда ды Аляксандра Пушкіна. Такое можна сказаць і пра графіка Валеру Славука з ягоным аздабленнем кніжак беларускіх народных казак. Як для мяне, дык найбольш запамінальнымі падзеямі ў тутэйшым ілюстраванні класічных кніжак, былі працы Арлена Кашкурэвіча. Ягоныя малюнкі да Гётаўскага “Фаўста” моцна ўразілі чытачоў. Пасля з’яўлення абноўленага і абсучасненнага доктара Фаўста ў модных акулярах, Арлен Кашкурэвіч стаў легендарнай постаццю. Маладыя мастакі пераказвалі адзін адному розныя гісторыі пра яго. Казалі, як жонка Арлена чытала мужу “Фаўста” па-нямецку, і як ён натхняўся арыгінальнай музычнасцю вершаў геніяльнага паэта. Ілюстрацыі Кашкурэвіча да паэм Янкі Купалы гэтаксама сталі класікай беларускай кніжнай графікі. Шмат хто набыў і перачытаў кнігі Купалы, дзякучы змешчаным у іх малюнкам Кашкурэвіча. Казачныя вобразы Андэрсана шмат хто з беларускіх дзяцей упершыню ўбачыў вачыма Арлена Кашкурэвіча. Ён з тых адметных і непаўторных мастакоў, хто сваім талентам уздымаў кнігу на вышэйшы каштоўны ўзровень, а такіх сярод мастакоў – адзінкі.