May 16th, 2018

07kiepka

(no subject)

Розанаў і цвік

Заўжды цікавіўся: як хто піша...

Нехта лежачы на жываце дапісвае новы раман, бо сядзець на крэсле ўжо не можа. Пра такое пісанне мне на кінастудыі “Беларусьфільм” расказваў за чаркай вядомы празаік Віктар Казько. Раманіст Някляеў дапісаўся да таго, што срака забалела, і на сваю хворую сраку ён скардзіўся на прэзентацыі раманчыка “Лабух”. Шмат хто піша лежачы, бо мае слабую ці хворую спіну. Ёсць такія, што пішуць стоячы за канторкай. Вандроўныя паэты любяць складаць вершы, ідучы няспешна па лясных сцежках у бязлюдных гарах. Рамантычны Ўладзімір Караткевіч выдумляў прыгоды герояў седзячы за сталом у белай кашулі з гальштукам. Можна сказаць, што ў кожнага пісьменніка ёсць свой любімы прыём для стварэння тэкстаў. І далёка не кожны з іх шчыра раскажа пра ўласны метад працы, бо ў працэсах стварэння тэкстаў шмат інтымнага, сорамнага і сакрэтнага.

Згадаю рускага філосафа Розанава, якога выдатна апісваў у сваіх лірычных нататках Аляксей Рэмізаў:

“Потым: хто як піша?

В. В. Розанаў сказаў: калі ён на ўздыме і спісаныя аркушы нават не прасохлыя так і адкідаюцца, у яго гэта тырчыць, як цвік”.

Розанаў рызыкнуў адкрыцца. Рэмізаў не пасаромеўся тую гранічную адкрытасць апісаць і выдаць для чытачоў. А вось ханжа Раман Гуль у зласлівай крытыканскай нататцы набрахаў на тую шчырасць і тую адкрытасць: “Рэмізаўскія размазванні нельга кваліфікаваць інакш чым парнаграфія”. Дарэчы, Гуль брахаў на Рэмізава і Розанава, хаваючыся пад псеўданімам Эрг. Яно і зразумела, бо каб пісаць адкрыта і смела, трэба быць мужным і мець свой цвік.
07kiepka

каткоў

1968. Каткоў і дзве мянушкі


На вясновых канікулах Сяргей Каткоў павёз студыйцаў на эцюды ў Лагойск. Пасялілі ўсіх нас у гатэлі. Я жыў у адным нумары з Юрам Яўменавым. Кожны вечар Каткоў рабіў прагляд зробленых за дзень малюнкаў. Я ў тым сакавіцкім і ледзяным Лагойску захапіўся плотам. Мне падавалася, што нічога больш цікавага за цёмны плот на фоне пашарэлага снегу ў Лагойску і няма. Я маляваў штыкетнікі, маляваў дзіркі зацыраваныя калючым дротам, маляваў завостраныя дошкі, маляваў лісты іржавай бляхі, з якіх лагойцы парабілі весніцы. Я так захапіўся лагойскім плотам, што атрымаў ад Сяргея Пятровіча мянушку: “Вова Адамчык у нас Певец заборов!”Студыйцам мянушка спадабалася, і яны пачалі называць мяне Певецзаборов. Мой сусед Юра Яўменаў таксама атрымаў мянушку ад Каткова, той назваў яго Казачнікам, бо Юра пісаў гуашшу нейкі фантастычны Лагойск з сінім зорным небам над заснежанымі стрэхамі і старымі бабамі з залатымі свечкамі ў крывых руках. Свае мянушкі мы насілі з гонарам. Мянушка ад Каткова ў нашай студыі лічылася за ўзнагароду.