May 10th, 2018

07kiepka

(no subject)

Раман і паласатыя тканіны

Тканіна з шырокімі кантрастнымі палоскамі – сама выразнасць. З такой тканіны рэвалюцыйныя мадэрністы марылі зрабіць касцюмы для лётчыкаў, для жыхароў ідэальнага Горада Сонца. Мадэрністы марылі пабудаваць рай на зямлі і ў ім выгадаваць новага дасканалага чалавека. Каб збудаваць новае, яны вырашылі зруйнаваць старое і абрынулі чалавецтва ў пекла сусветнай вайны. На руінах пасляваенных дзяржаў замет Гарадоў Сонца будаваліся канцэнтрацыйныя лагеры і распачалі працу рэпрэсіўныя машыны. Чалавецтва само не заўважыла, як апынулася ў віры другой сусветнай вайны. З паласатай тканіны пачалі шыць не строі для новага чалавека, а робу для лагерных рабоў. Пасля другой сусветнай вайны мастакі намалявалі тысячы карцін з рабамі ў паласатай робе. Беларускі мастак Савіцкі зрабіў змрочны цыкл карцін пра жыццё і смерць рабоў у паласатых робах. За Савіцкім паласатую тканіну пачалі пісаць на сваіх палотнах і навучэнцы жывапіснай майстэрні, якой ён кіраваў. Больш за астатніх навучэнцаў Савіцкага паласатую тканіну палюбіў Раман Заслонаў. Ён і зрабіў тое, што добры вучань робіць з настаўнікам. Ён мінус памяняў на плюс. Ён лагерную трагедыю ператварыў у тэатральны вадэвіль. Замест худых лагерных рабоў на карцінах Рамана з’явіліся худыя манікенніцы. Замест бела-сіняй паласатай тканіны намаляваліся чырвона-белыя, блакітна-белыя і бела зялёныя драпіроўкі. Роба прапала, а на яе месцы зазіхацелі шыкоўны сукенкі. Калі хто не ведае, ён ніколі і не здагадаецца з якога лагернага чарноцця паўстаў квяцісты свет карцін Рамана Заслонава.