May 8th, 2018

07kiepka

(no subject)

2018. Раман Заслонаў і пазітыў

Адной з самых заганных рысаў у чалавеку я лічу штучны пазітыў. Сам я не пісіміст, люблю весялосць і карнавальнасць, гумар мяне радуе, камедыі мяне цешаць, але жыццё трагікамічнае, за вясёлкавым днём абавязкова насунецца чарноцце ночы. Таму і раздражняюся, калі бачу дурнаватую радасць там, дзе варта пабыць у спакоі. Наогул арганічны пазітыў я мала ў каго сустракаў. Гэта ўнікальная з’ява. Чалавек жартуе і табе смешна, ён распавядае пра самае звычайнае і будзённае, а ўсім весела. Такая здольнасць ёсць у Рамана Заслонава. Мне з ім заўжды цікава і радасна. Як на мой розум, з Рамана мог бы атрымацца выдатны рэдактар сатырычнага часопіса. Ён мог бы здымаць караткаметражныя камедыі. Мог бы ставіць у камерным тэатры аднаактовыя п’есы. Замест усяго гэтага Раман Заслонаў піша алейнымі фарбамі карціны на палатне. Не стану казаць, што ў іх атсутнічае пазітыў і аптымізм, усё гэта ў іх ёсць, але аптыміз і пазіты ў карцінах Рамана Заслонава грунтоўны і сур’ёзны.