May 7th, 2018

07kiepka

(no subject)

1969. Маці і кавамлынок

У часы маёй маладосці электрычны кавамлынок сімвалізаваў еўрапейскасць і культурнасць. Калі раніцай у нашым мінскім мікрараёне за дзвярыма чыёйсці кватэры храбусцеў і стракатаў кавамлынок, значыць там жылі выхаваныя і інтэлігентныя людзі. У маёй сям’і кавамлынок набыла маці. Яна першая пачала раніцай піць чорную каву. Хутка да ранішняй гарачай і духмянай кавы прывучыўся яе стрыечны брат Анатоль Александровіч, які ў той час жыў у нашай кватэры. Цяпер мне нават цяжка ўявіць уласную раніцу без глытка кавы. Кавамлынкі мала ў каго захаваліся, большасць з нас купляе молатую каву. Раней мы ўсе смяяліся з показкі пра эстонцаў, якія ўвечары абавязкова здейсняць нацыянальна-вызвольную рэвалюцыю і пакінуць СССР, калі раніцай у іх не будзе моцнай кавы. Эстонцы даўно вызваліліся з-пад імперскага прыгнёту, а я ўсё яшчэ чую ў стракатанні электрычнага кавамлынка рэвалюцыйныя заклікі.
07kiepka

(no subject)

2018. Раман і проста так

На прэзентацыі кнігі маёй дачкі сустрэў Рамана. “Я пазваню табе на гэтым тыдні!” – “Пазвоніш?” – “Пазваню! Проста так пазваню!” – “Проста так?” – “Проста так!” – “Ты мне пазвоніш проста так?” – “Я табе пазваню проста так!” Тыдзень праляцеў. Раман не пазваніў. Сапраўды, на што я спадзяваўся? А на што спадзяваўся Раман, калі казаў, што можа ўзяць і проста так пазваніць? Карацей, мы сябе кепска ведаем.