May 4th, 2018

07kiepka

(no subject)

2018-1971. Каткоў і Еўтух

Прачытаў пра свайго настаўніка Каткова і такія газетныя штампы: “...усе дзеці, незалежна ад таго, хто ў іх бацькі, для яго аднолькава любімыя. Ні нацыянальнасць дзіцяці, ні сацыяльнае палажэнне ягоных бацькоў для Сяргея Пятровіча значэння не мелі”. Зразумела, што падобнае мог напісаць толькі чалавек, які ніколі не наведваў студыю Сяргея Каткова. Для Каткова ўсё мела значэнне. І сацыяльны статус бацькоў, і нацыянальнасць, і стан здароўя... Сяргей Пятровіч асабліва цаніў і адзначаў у дзецях мастакоўскія здольнасці, яно і зразумела. Лёня Еўтух запомніў адзнаку Сяргея Каткова надоўга: “Таленту ў цябе няма, але ўпартасць ёсць!” Лёня ўсё сваё мастакоўскае жыццё і праехаў на адной упартасці. Зараз ён у пяцьдзесят восем піша ў манастырскай майстэрні праваслаўныя іконы. Зарабляе мастацтвам на кавалак хлеба. Зарабляе жывапісам, бо настаўніку Каткову было важна казаць сваім вучням праўду, бо для Сяргея Пятровіча было важным усё, што тычылася ягоных самых любімых і самых звычайных вучняў, нават тады, калі ў іх малюнках не праглядалася таленту.
07kiepka

(no subject)

Барадулін і літаратурныя суполкі

Таварыства “Тутэйшыя” Рыгору Барадуліну не падабалася, бо не было ў ім лёгкасці і бадзёрасці, не было дзёрзкасці і тэатральнасці. Барадуліну быў бліжэй рэвалюцыйны і бурапенны “Маладняк”, чым паэты нашаніўцы і празаікі з “Узвышша”. З пазнейшых літсуполак Рыгору Барадуліну можна было б уступіць у які “Бум-бам-літ”. Разам з Валянцінам Акудовічам Рыгор Барадулін выдатна глядзеўся б у рознааблічнай зграі бумбамлітаўцаў. Нават назва паэтычнага зборніка “Нагбом” больш падыходзіць да паэзіі Жыбуля ці Вішнёва, чым да паэзіі філалагічнага пакалення. Зразумела, што Рыгор Барадулін сын свайго часу і яркі прадстаўнік менавіта філалагічнага пакалення, але мне шкада, што бумбаўлітаўцы не залічылі яго ў свае стракатыя шэрагі.
07kiepka

(no subject)

Барадулін і сапернік

Думаў напісаць пра ворагаў Барадуліна, але панятак “вораг” страшэнна ёмкі. Назавеш нейкую дробную нікчэмнасць ворагам, а гэтая дрэнь і ўздымецца ў сваіх вачах. Пачне напінацца, пачне пыхаю надзімацца, пачне геройстваваць. Таму абмяжуюся паняткам “сапернік”. Асноўным сапернікам Рыгора Барадуліна лічыўся Ніл Гілевіч, якому захацелася застацца ў беларускай літаратуры Ведзьмаком Лысагорскім. Барадулін з Гілевічам усё жыццё бегалі навыперадкі, бегалі за ганарарамі, за дзяржаўнымі прэміямі, за званнямі народных паэтаў. У Барадуліна, як і ў Гілевіча, было пачуццё гумару, але яно прападала, калі гутарка заходзіла пра Гілевіча. Дарэчы, і ў Гілевіча гумар пераходзіў у зласлівы сарказм, калі згадваўся Барадулін: “Рыгорка – народны паэт? Барадулін – народны? Якога такога народу ён народны?” Сам чуў такое ад Ніла Сымонавіча Гілевіча. Парадокс маіх адносінаў з Барадуліным і Гілевічам у тым, што творчасць Рыгора Іванавіча мне значна бліжэйшая за творчасць Ніла Сымонавіча, якога я паважаю выключна як аднагот з аўтараў “Сказа пра Лысую гару”, а вось грамдская дзейнасць Гілевіча мне больш зразумелая за дзейнасць Барадуліна. Рыгор Барадулін заўжды цягнуў на паэтычны Алімп шмат другараднага, слабога і малаталенавітага. Гілевіч не баяўся дапамагаць і здольным людзям, прынамсі ён дапамог літаратурнаму таварыству “Тутэйшыя” з аматарскага гуртка ператварыцца ў творчы саюз.