May 3rd, 2018

07kiepka

(no subject)

Барадулін і шапкі

Ёсць мужчыны, якія ў пэўным узросце замест прычоскі пачынаюць насіць шапку. Рыгор Барадулін быў з такіх. Дарэчы, берэты і кепкі яму заўжды пасавалі.

Барадулін і любімыя заняткі

Любіў наліваць гарэлку ў чарачкі. Нават калі не піў сам. Нават, калі нехта не вельмі й хацеў, каб яму налівалі. Барадулін напаўняў чаркі з непрыхаванай радасцю. Яму падабалася, калі за сталом шмат пілі, гучна спявалі і моцна напіваліся. Мяне Рыгор Барадулін напаіў двойчы. Напаіў да бяспамяцтва і дуроты. Аднаго разу ў сябе дома, а другі раз на фэсце ў Дудутках. Каб побач са мною не было знаёмцаў, я не дайшоў бы да свайго ложку. Першы раз я ішоў ад Барадуліна з Дранько, а другі раз мяне вёз на машыне аператар Андронаў.

Барадулін захапляўся перакладамі. Перакладаў усіх. Перакладаў заўжды. Перакладаў паўсюль, дзе ездзіў. Мусіць няма на свеце такой краіны, чыіх паэтаў не перакладаў Барадулін. Ён пекракладаў, і яго перакладалі. Мусіць больш за Барадуліна нікога з беларускіх паэтаў і не перакладалі. Ты мяне перакладзеш, а я цябе паперакладаю. Я вам, а вы нам. Мы ў сябе надрукуем і выдадзем, а вы ў сябе выдасце. Барадулін сябраваў з усім светам. Перакладніцкую эстафету Рыгора Барадуліна перахапіў Андрэй Хадановіч. Нават бародка ў Андрэя Хадановіча часам выглядае ну чыста Барадулінскай.

Барадулін умеў сябраваць са знакамітымі, выбітнымі і патрэбнымі людзьмі. Ён быў лепшым паслядоўнікам Пятруся Броўкі, калі той Броўка лічыўся найпершым з савецкіх беларускіх пісьменнікаў. Ён баў лепшым сябруком і сабутэльнікам Уладзіміра Караткевіча, калі той стаў папулярны і запатрабаваны. Ён хадзіў у сябрах Васіля Быкава, калі таму далі ўсе савецкія ўзнагароды. Рыгор Барадулін не саромеўся быць другім, быць Санча Панса пры Дон Кіхоце. Ён нават мог пацалаваць руку патрэбнаму чалавеку. Калі Рыгор Барадулін сказаў мне, што я разумны і пацалаваў мне руку, я так разчуліўся і разхваляваўся, ажно не заўважыў як набраўся самагону.