March 10th, 2018

07kiepka

(no subject)

Туман і вежа

Вясновы туман. Ён такі шчыльны, што з маіх заваконных краявідаў прапала тэлевежа. Краявіды зрабіліся больш чалавечнымі і вытанчанымі. Навокал капяжы і свежы дух абнаўлення. Такое адчуванне, што з краявідаў прапала не толькі сама тэлевежа, а прапала ўсё прадзяржаўленае і халуйскае тэлебачанне з ягонай бясконцай хлуснёю і мітуснёю. Сакавіцкі туман супакойвае і лекуе. У ім прыемна ісці і думаць пра хуткі надыход лета.
07kiepka

(no subject)

Улад, Ірына і мільён еўра

Гісторыя з нізкі – «Цэнтральны» універсам

Улад прыходзіў у “Цэнтральны” на кубачак ранішняй кавы. Ён сябраваў з афіцыянтам Віктарам. Той прыносіў сябруку каву ў падагрэтым ажно гарачым кубку. Афіцыянт мне і расказаў, што ва Ўлада знайшлі нейкую невылечную хваробу з невымаўляльным назовам. Дактары ў Берліне паабяцалі жонцы Ўлада – Ірыне перамагчы хваробу мужа за адзін мільён еўра. Казалі, што змогуць з цела Ўлада прыбаць хворыя клеткі, а з тых клетак, што застануцца, зробяць цалкам здаровы арганізм. Ірына не пашкадавала грошы і сплаціла дактарам цэлы мільён. Яны зрабілі ёй здаровага Ўлада, адно што яе стары хворы Ўлад меў сто кілаграмаў вагі і сто восемдзесят сантыметраў росту, а ў новым здаровым Уладзе было росту адзін метар, а ягоная вага ледзь цягнула на два пуды. Ірына адмовілася забіраць з клінікі палепшаную і легкаважную версію свайго Ўлада. Яна нават не стала спаганяць з дактароў змарнаваны мільён. Афіцыянт Віктар сказаў мне, што Ірына развялася з Уладам. Па-просту – кінула яго ў Берліне. Выйшла замуж за маладога і перспектыўнага дыпламата ды з’ехала з ім у Пекін.