March 7th, 2018

07kiepka

(no subject)

1970. Марыя Іванаўна і “цЕфцелі”

Адну з маіх школьных настаўніц рускай мовы звалі ЦЕфцеля. Насамрэч яе звалі Марыя Іванаўна, але мы назавалі яе ЦЕфцеля, бо яна любіла паразважаць пра націскі ў словах. Напэўна, яна прачытала нейкую папулярную брашурку пра важнасць гэтых самых націскаў, і так атрымалася, што для яе самым важным стаў націск у слове “цефцелі”. У школьнай сталоўцы нам падавалі катлеты, ніякіх цефцеляў там не было. Дома нам гатавалі фрыкадэлькі і зноў жа катлеты. Цефцелі былі ў галаве і на языку настаўніцы Марыі Іванаўны. Дзіўна, што Марыю Іванаўну зусім не хвалявала тая акалічнасць, што яна замест рускага “те” ў адным слове двойчы паўтарае беларускае “це”.