March 5th, 2018

07kiepka

(no subject)

2018. Раман і тэатр

Ёсць мастакі, для якіх самае важнае з усіх мастацтваў – тэатр. Калі яны малююць партрэт, у іх заўсёды атрымліваецца тэатральны партрэт. Калі яны пішуць краявід, атрымліваецца заднік дэкарацыі з краявідам. Нават батальныя сцэны выглядаюць у іх так, нібыта ў бітве ўдзельнічаюць не вайскоўцы, а пераапранутыя ў вайсковую форму студэнты і аматары ролевых гульняў. Такая тэатральнасць з’явілася ў палотнах Вато. Пазней яна цудоўна прамалявалася ў гуашах Бенуа, Сомава і Бакста. Найбольш натуральна тэатральная жывапіснасць і лялечнасць паўстала ў палотнах Тышлера. Цяпер падобная стракатая тэатральнасць пануе ў творчасці Рамана Заслонава. Ён наскрозь тэатральны. Ён любіць сцэну. Любіць тэатральныя сукенкі, строі і капялюшыкі. На тэатральнай казачнасці Раман выбудаваў свой жывапіс, завёз яго ў самы казачны горад – Парыж і там дадаў да яго сапраўднасці і пераканаўчасці пазычанай у паветры Шарля Перо.

2018. Заслонаў і паветра

Раман Заслонаў тры гады правучыўся ў акадэмічных майстэрнях, якія ўзначальваў Міхаіл Савіцкі. У Савіцкага была адна вельмі выразная загана – публічныя антысіміцкія выказванні. Савіцкі стаяў на даволі высокай прыступцы ў сацыяльнай лесвіцы, таму большасць тых, хто стаяў ніжэй за Савіцкага, стараліся не заўважаць ягоных тырад “пра жыдоў”. У Беларусі не было іншай аспірантуры для жывапісцаў акрамя той, якой кіраваў Міхаіл Андрэявіч Савіцкі, таму мастакі, якія і не падзялялі палітычныя і рэлігійныя погляды Савіцкага, усё адно ішлі да яго ў вучні. Вучыўся ў Савіцкага і Раман. Яму даводзілася чуць у свой бок розныя абразы. Трываць такое цяжка. “Рома, як ты змог так доўга вытрымліваць лаянку Савіцкага?” – спытаў я ў Заслонава. “Як толькі Савіцкі пачынаў лаяяца, я рабіўся празрыстым і бязважкім. Абразы праляталі праз мяне, як страла пралятае праз паветра. Яны праляталі хутка і не пакідалі следу. Так і вытрываў, так і скончыў аспірантуру!” Адказ Рамана Заслонава мне спадабаўся, бо сам я не здатны быць празрыстым і бязважкім, як паветра.