February 7th, 2018

07kiepka

(no subject)

1973. Сцяпаненка, Чэх і звярынец

Паміж Камароўскім базарам і плошчай Коласа заўсёды быў нейкі пусты і выстуджаны ветрам пляц. У гада майго дзяцінства і юнацтва на той пляц прывозілі перасоўны звярынец. Можна было зблізку паразглядаць магутнага і шэра-бліскучага гіпапатама. У паўцемры глыбокай клеткі ляжаў сонны тыгра. Прывозілі ў Мінск львоў і ваўкоў, шакалаў і ягуараў. Запомніліся рудаватыя, як рачны пясок дзва рысі. Яны сядзелі каля самых прутоў прасторнай клеткі. Іх добра было маляваць, бо рысі, заплюшчыўшы вочкі, грэліся на сонцы і сядзелі нерухома, нібыта яны каменныя сфінксы. Я хадзіў у звярынец разам з аднагрупнікамі па мастацкай вучэльні, з Чэхам і Сцяпаненкам. Гена Чэх рабіў замалёўкі са сваіх улюбёнцаў – ваўкоў. Я са Сцяпаненкам малявалі вусатых рысяў. Сцяпаненку хутка надакучыла маляванне, і ён пачаў адломліваць кавалкі ластыка і кідаць іх у сонечных рысяў. Ні разу не пацэліў, але ўсіх нас – малявальшчыкаў за гэткае кіданне прагналі са звярынца. Мяне з Чэхам выгналі са звярынца, пэўна за тое, што мы не паспачувалі палонным рысям і не стрымлівалі і не асуджалі хуліганства Сцяпаненкі. Мы стаялі і смяяліся, што ён скрышыў увесь дарагі ластык і не пацэліў у нерухомага звера.