February 6th, 2018

07kiepka

(no subject)

2018. Заслонаў і стол

Раман Заслонаў два разы ўзапар запрасіў мяне на сваю выставу “Стол”.

Першы раз я прыйшоў і апынуўся сярод некалькі сотняў такіх жа запрошаных. Я паглядзеў на гледачоў. Навітаўся і наўсміхаўся да болю ў шчоках. Напаціскаўся мастакоўскіх і журналістскіх далоняў. Пастаяў каля сцяны побач з Ярмошынай. Нафатаграфаваўся з самымі рознымі персанажамі. Нагаварыўся пра жыццё-быццё з акторам Дзянісавым і жывапісцам Дзенісенкам. Уласна выставы я ў той вечар і не пабачыў.

Другі раз я быў адным з нешматлікіх гледачоў. На выставе было светла і прасторна. Карціна з сотнямі сталоў была прыгожай як свежыя і спрасаваныя габлюшкі. Раман завёў мяне ў кіназалу, і мы разам паглядзелі ягоны фільм “Стол”. За бясконцым сталом сядзелі розныя сУчаснікі. Сядзеў сам Рома, сядзеў актор Ігар Дзянісаў і глядзеў на аголеную натуршчыцу. Жывапісец Слава Лямачка ласкава пляснуў мастакоўскай даланёю па аголенай жаночай дупе і сказаў, што ў нашым тэатральна-мастацкім інстытуце была знакамітая натуршчыца Соня. У Соні былі такія вялікія цыцкі, што студэнты называлі яе Ракетаносец. За сталом было шмат актораў і акторак. Яны елі, пілі, смяяліся, плакалі, танцавалі... Яны жылі і паміралі. Фільм скончыўся сваім пачаткам. Фільм пайшоў на другое кола, пайшоў для другіх гледачоў. Гледачы віншавалі Рамана Заслонава з поспехам. Глядачкі цікавіліся жывапісам. Цікавіліся, дзе і што можна набыць.

Я паабяцаў Раману, што напішу пра два запрашэнні на выставу “Стол” і напісаў...