February 5th, 2018

07kiepka

(no subject)

Левін і чаравікі

Гісторыя з нізкі – «Цэнтральны» універсам

Пра дзівацтва інжынера Левіна мне за кубачкам кавы распавёў ягоны пляменнік – Зорык.

Інжынер Левін займаўся трактарабудаваннем. Ён беспамылкова выкрэсліваў самыя складаныя дэталі трактара сваёй лёгкай левай рукой. Ён ганарыўся ўласнай леварукасцю. Любіў згадваць леварукасць інжынера Леанарда да Вінчы. Перакананні ў Левіна былі левымі, значна лявейшымі за сацыялістычныя і камуністычныя. Левін быў анархістам, але не радыкальным, не бунтаром, не пагромшчыкам. Ён быў памяркоўным анархістам тэарэтыкам і дзіваком. Ягонае дзівацтва выявілася ў запавеце. Левін захацеў каб яго паклалі ў труну ў двух левых чаравіках. Дзівака Левіна так і пахавалі ў двух левых чаравіках.

І чаго толькі людзі не зробяць, каб іх сваяку было лягчэй развітвацца з нашым праварукім светам... Проста дзіву даешся.
07kiepka

(no subject)

1989. Міхал і плакаты

Міхал шмат чым паспяхова займаўся і шмат рознага цікавага і вартаснага зрабіў, але для мяне ён найперш – плакатыст. Міхал прыйшоў у прафесійнае мастацтва ў сярэдзіне 80-х, калі свет пачаў хутка змяняцца. З’явіліся новыя музыкі, новыя літаратары, новыя мастакі... Над старой зямлёю паўстала новае неба. Адным з самых актуальных жанраў тагачаснай культуры стаў плакат. У палітычным і сацыяльным плакаце заззялі зоркі Цэслера і Войчанкі, у рок-плакаце ўзышла зорка Міхала Анемпадыстава. Сцены інтэрнатаў і кватэр пачалі ўпрыгожвацца постарамі культавых рок-гуртоў. Для “Бонды” Міхал намаляваў залатога пацука, які жарэ бэзавую гітару. Можна сказаць, што гэта быў першы ягоны шэдэўр, і першы рок-плакат у Беларусі. Радавалі і ягоныя тэатральныя плакаты. Усе захапляліся домам-чамаданам для Мрожака. Я запланаваў у часопісе з паўмільённым накладам артыкул пра моднага плакатыста Міхала Анемпадыстава. Пісаць мусіў малады і адпаведны Міхалу журналіст. Я знайшоў журналіста з добрым густам, з прагрэсіўнымі поглядамі на розныя Міхалавы захапленні.

“Яшчэ адно захапленне Анемпадыстава – панк-культура. На ягоную думку, гэта вельмі моцная рэакцыя на шэрасць, манатоннасць, аднастайнасць побыту. Хіба што панк-культура і ўяўляе сёння альтэрнатыву. Дарэчы, адзін з ягоных плакатаў так і называецца – “Альтэрнатыва шэрай сцяне”. Апроч таго, Міхал сцвярджае, што калі прайсці па нашым горадзе і паглядзець на яго ўважліва, дык можна лёгка зразумець, што Мінск – найспрыяльнейшая глеба для зараджэння і развіцця панк-культуры. Міхал любіць панк-рок, і ў некаторых сваіх работах выкарыстоўвае тэксты песень панк-груп (Казікавы метамарфозы). А яшчэ ён любіць Босха і Брэйгеля. А яшчэ – раннеславянскі жывапіс. А яшчэ – сучасную эстонскую літаратуру. Я яшчэ... Яшчэ – багата чаго...” – так напісала ў жнівеньскім нумары часопіса “Крыніца” за 1989 год Іра Бяльзацкая, якую шмат хто ведае, як Ірыну Халіп.