January 18th, 2018

07kiepka

(no subject)

Лёха Кунін і позірк

Гісторыя з нізкі – «Цэнтральны» універсам

Лёха Кунін скульптар, таленавіты. Лёха рэжа з дрэва. У яго выдатна атрымліваюцца Венеры, Евы і Адамы з яблыкамі. Пра скульптуру Лёха Кунін гаварыць не любіць. Рэжа і рэжа сабе. Атрымліваецца? Выдатна! Лёха Кунін любіць пагаварыць пра баявыя мастацтвы. Сам займаецца каратэ, апантана. “Мая нага страляе! Хочаш пакажу, як выстрэльвае мая пятка? Добра, не буду. “Цэнтральны” не тое месца, каб паказваць мой каронны ўдар пяткай у скроню! Тут можна проста пагаварыць. Ты ж ведаеш нашага каратыста Кірычэнку? Вядома, ты яго ведаеш. Яго ў нас усе ведаюць. А ты ведаеш, што Кірычэнка можа забіць чалавека позіркам? Не верыш? Дарма! Ён можа. Я табе кажу – можа забіць. Зірне і заб’е! Калі на баку байца праўда, майстэрства і ўпэўненасць, яму не трэба ламаць чужыя насы сваёй пяткай. Яму дастаткова зірнуць чалавеку ў вочы. Адзін зірк, і перамога твая. Я сам бачыў, як Кірычэнка поглядам спыніў зграю малалетніх бандзюганаў. Яны палезлі да яго. Іх было чалавек сем. Шмат, калі на аднаго. Нават на наса дваіх – шмат. Я падрыхтаваўся да бойкі, зрабіў стойку. Кірычэнка мяне супакоіў, маўляў абыдземся без удараў. Ён проста паглядзеў на бандзюганаў, і яны спыніліся. Падціснулі свае сабачыя хвасты і пачалі разбягацца, яны нават не адбрэхваліся. Яны уцякалі моўчкі. Толькі адзін з бандзюганаў дастаў нож і пайшоў на Кірычэнку. Ішоў, каб парэзаць. Ішоў, каб забіць! Ты мне верыш, што ён ішоў забіваць? Я табе кажу, ён ішоў забіваць. Кірычэнка заплюшчыў вочы. Потым кінуў адзін позірк на бандзюгана з нажом, і зноў заплюшчыў вочы. Бандзюган паваліўся на зямлю. Ён падаў на спіну. Падаў так, нібыта яму ўдарылі кувалдай у лоб і праламалі чэрап. Ён падаў ужо мёртвым. Тады я пабачыў на свае вочы, што Кірычэнка можа забіць адным позіркам, зірне і заб’е! Я так не ўмею. Навучуся. Я ведаю дакладна, што на баку байца павінна быць упэўненасць, майстэрства і праўда”.