January 17th, 2018

07kiepka

(no subject)

2016. Валя і прапановы

Яна мне падабалася ў маладосці. Упэўненая ў рухах, добра складзеная, ганарыстая. Тады мяне вабіла яе натуральная сэксуальнасць, але я быў заняты іншымі жанчынамі. Я заўсёды заняты нейкімі жанчынамі, таму гэта зусім не апраўдвае маю тагачасную раўнадушнасць да Валі. Скажу так, каб яна тады мне прапанавала сябе ці хоць зрабіла намёк на сваю даступнасць, я зрэагаваў бы. Тады яна была занятая іншымі мужчынамі. Цяпер я пабачыў Валю на выставе, і яна падаравала візітоўку. Я не стаў тэлефанаваць. Яна страціла ганарыстасць. Цела расплылося. Рухі сталі па-правінцыйнаму замаруджаныя. Раней Валя лётала, а цяпер соваецца. Яна насунулася на мяне ў метро з пытаннем: “Чаму не звоніш? Мы маглі б некуды схадзіць і нешта зрабіць...” Я паабяцаў патэлефанаваць, паабяцаў так, каб яна зразумела – не патэлефаную. Здаецца ўсё, але мне крыху шкада згубленай магчымасці пакахаць Валю ў часы, калі яна была ганарыстай, добра складзенай і ўпэўненай у рухах.