January 16th, 2018

07kiepka

(no subject)

1978. Бараноўскі і фокусы

У прафесійным асяродку можна мець і вельмі спецыфічную славу. У Анатоля Бараноўскага была вядомасць майстра які мог спакойна адкруціць самы прысохлы корак на бутэлечцы з лакам. Калі такая бутэлечка трапляла ў рукі да Бараноўскага яна рабілася паслухмянай. Пстрык: корак у правай руцэ, а бутэлька ў левай. Як у фокусніка. Як у чараўніка. Неверагодна. Тое самае і з каўпачкамі на цюбіках. Здаецца – без абцугоў не абыйсціся. Можна замест абцугоў выкарыстаць зубы, але выкладчык жывапісу Анатоль Бараноўскі страшэнна не любіў, калі нехта з ягоных студэнтаў зубамі адкручваў каўпачкі на цюбіках. “Дай сюды!” – казаў Анатоль і забіраў непаслухмяны цюбік. Шчоўк: цюбік адкрыты, і можна выціскаць фарбу на палітру, і можна казаць выкладчыку “дзякуй”, і можна пачынаць працаваць.
07kiepka

(no subject)

1969. Сарока і “вечны агонь”

Пра “вечны агонь” які палымнее на мінскай плошчы Перамогі расказваюць шмат самых розных показак. Быў нейкі дзядзька, які паспрачаўся з п’янымі сябрукамі, што ватоўкай пагасіць “вечны агонь”. Позна ўвечары ён падкраўся да агню, зняў ватоўку і накрыў полымя. Спрэчку дзядзька выйграў, але адсядзеў за хуліганства пятнаццаць сутак. Маглі б даць яму і два гады за вандалізм, маглі б і палітыку прышыць – знявага савецкіх дзяржсімвалаў, здзек над народнай памяццю і ўсё такое падобнае. Начальства вырашыла не раздзімаць скандал і назваць дзядзьку ачмурэлым ад гарэлкі хуліганам. Яшчэ расказвалася гісторыя пра бамжа, які ў зімовую ноч грэўся на плошчы Перамогі. Усіх радавала дэталь, што бомж зняў чаравікі і грэў каля агню голыя пяты. Міліцыянты бамжа нават не арыштоўвалі. Адагналі ад помніка і на тым супакоіліся. Міліцыянты трапіліся гуманныя, а можа ў іх быў добры настрой, бо яны нават пачакалі пакуль бомж абуецца і забэрсае матузкі на сваіх паразбіваных чаравіках. Амаль усе гісторыі пра гульні з “вечным агнём” расказваліся пра нейкіх безыменных людзей. Нейкі студэнт прыходзіў пляваць на той агонь. Якісці вычварэнец на яго нацурболіў. І ўсё такое маларэальнае. Падобнае да навыдумлянага. Ну каму трэба на той “вечны агонь” пляваць ці цурболіць? Глупства. Іншая рэч, калі гутарка ідзе пра вядомага ў Мінску чалавека... Аднойчы Кастусь Сарока выпіваў у скульптурнай майстэрні, што стаіць у адным з двароў на плошчы Перамогі. У тым двары, што ляжыць за кафэ “Бярозка”. Скульптары пілі гарэлку. Закусвалі салам, хлебам і цыбуляй з соллю. Сарока сказаў, што яму хочацца смажанага на кастры сала. “Дзе мы табе касцёр возмем?” – “Еш сырое!” – “Дзяцінства згадаў?” Скульптары спрабавалі ўгаварыць Сароку, каб той адмовіўся ад несваечасовага жадання. Толькі Кастусь быў не з тых, хто адмаўляецца. Ён узяў скварку з лустай хлеба. Выйшаў у двор. Выразаў з бэзу доўгі дубец. З тым дубцом пайшоў да “вечнага агню” і засмажыў на ім скрылік сала. Са смажаным на кастры залацістым салам Кастусь Сарока вярнуўся ў майстэрню як сапраўдны пераможца. Сабутэльнікі віталі яго воплескамі, крыкамі “Ура!”, віталі стоячы.