January 15th, 2018

07kiepka

(no subject)

1977. Бараноўскі і жывапісная мова

Карціны Бараноўскага пазнавальныя, бо ён здолеў стварыць адметную жывапісную мову.

Палітра трымалася на бялілах. У кожную фарбу на палітры Бараноўскі дадаваў шмат бяліл. Таму ягоныя карціны маюць светла-перламутравае адценне.

Другім прыёмам Бараноўскага было дадаванне. Ён лічыў, што карціна мусіць насычацца рознымі каляровымі падрабязнасцямі. “Трэба дадаваць, а не адымаць!” – заклікаў мастак. Дадаванне ператварала паверхню палатна ў каралы вылепленыя з густой фарбы.

Шмат хто з мастакоў выкарыстоўвае фактуры. Рэмбрант рабіў рэльефным святло і гладкімі цені. Руо з дапамгай пастознага жывапісу прымушаў карціну свяціцца на ўзор гатычных вітражоў. Выкарыстоўвалі фактуры і беларускія жывапісцы. Найбольш фактурныя палотны Нэлі Шчаснай і Барыса Аракчэява, але і ў Шчаснай і ў Аракчэява фактуры выглядаюць не рукатворнымі, як у Анатоля Бараноўскага, а механічнымі.

Трэці прынцып – шматпланавасць. Бараноўскі выбудоўваў на карцінах паветраную перспектыву. Сваім вучням ён заўжды паказваў на працах кантрасты, якіх не павінна быць на атдаленых планах.

Анатоль Бараноўскі нікому не навязваў сваю жывапісную мову. Хочаш працаваць інакш? Працуй, але працуй у межах дазволеных інстытуцкімі канонамі. Калі нехта са студэнтаў выходзіў з канонаў, Бараноўскі пачынаў рабіць заўвагі. З-за гэтага нават да сваркі магло дайсці. Так атрымалася і ў мяне, калі я вырашыў напісаць натуршчыцу ў сталі Рэмбранта. Нічога доўбрага з гатага намеру ў мяне не атрымлівалася. Натуршчыца – чачэнка Іра Камілава – зусім не адпавядала рэмбратнаўскім тыпажам. Анатоль Бараноўскі тактоўна параіў напісаць пастаноўку без адсылак да вялікага галандца. Настрой у мяне быў кепскі і без ласкавых заўваг выкладчыка. Я пачаў агрызацца: “Вы хочаце, каб я напісаў пастаноўку пад Бараноўска ці пад Вашчанку? Вы думаеце, што вывучэнне Рэмбранта – марная справа? Вы так мне і скажыце – пішы, як усе навокал, пад Вашчанку, і не будзе ў цябе, хлопец, праблем!” Бараноўскі пачырванеў. Ён заўсёды чырванеў, калі злаваўся. Ён відавочна злаваўся, але не казаў мне зняважлівых слоў і не крычаў. Сказаў, што не прымушае мяне пісаць пад Вашчанку і пад Бараноўскага, але раіць улічыць патрабанні інстытуцкай праграмы.
07kiepka

(no subject)

1978. Бараноўскі і натуршчыца

Студэнты прывозілі з жывапісных практык краявіды. Трапляліся і партрэты. Іх было значна меней. Зазвычай, выкладчыкі ўгаворвалі папазіраваць зусім старэнькіх бабуль і дзядкоў. Жыла-была вёска, а ў той вёсцы жылі-былі дзед і баба. Так адным сказам можна апісаць вынікі пленэрных практык за сто пяцьдзесят гадоў. Анатоль Бараноўскі быў наватарам. Ён выбраў не простую вёску, ён выбраў Слабодку на Браслаўшчыне. Велічныя груды і шырокія азёры пад бязмежным небам. Белы неагатычны касцёл над нізенькімі дамкамі. Сосны. Ядлаўцовыя кусты. Яблыневыя сады. Псіхіятрычная лякарня. Хворыя, стрыжаныя пад нуль людзі ў шэрых халатах. Ахоўнікі ў фуфайках. Уся Браслаўшчына эпічная і манументальная. Жывапісныя практыкі з Бараноўскім былі выразныя, адметныя і запамінальныя. Была ў іх яшчэ адна надзвычайная рэч – натуршчыца. Бараноўскі прывозіў у Слабодку прафесійную натуршчыцу, якая пазіравала на свежым паветры. Акрамя Бараноўскага я не ведаю выкладчыкаў, якія прывозілі б на практыку прыгожую натуршчыцу, у якую мастак мог нават закахацца.
07kiepka

(no subject)

2018. Трамп і прынц

Ёсць пісакі, якія дня пражыць не могуць каб не нашрайбаць пару-тройку абзацаў пра прэзідэнта. Адны з іх абліваюць прэзідэнта бруднаслоўем, другія ліслівяць і віляюць хвастамі. Сам я не з такіх, пра прэзідэнта пішу зрэдзьчасу і прынагодна. Тут якраз і надарылася нагода. Адзін з найлепшых часопісаў у свеце “Нюёркер” ахвяраваў сваю першую вокладку пад карыкатуру. “Нюёркер” часопіс элітны, снобскі і эстэцкі. Ягоная эстэцкасць, элітарнасць і снобскасць самыя-самыя бо яны амерыканскія. Таму і карыкатура на вокладцы амерыканская і галоўны персанаж на той карыкатуры нагадвае дзейснагана амерыканскага прэзідэнта. Праўда ад усяго персанажа на карыкатуры верхняя частка галавы са светлым чубам. Галава тая сядзіць у чорнай дзірцы, якая абрысамі падобная на каналізацыйны люк. Такім малюнкам “нюёркерцы” адгукнуліся на развагі Трампа пра эмігрантаў. Амерыканскі прэзідэнт выказаўся наконт эмігрантаў, якія прыязджаюць з нейкіх чорных дзірак, а ён хацеў бы, каб яны прыязджалі з Нарвегіі... Чытаючы пра Трампа, разглядаючы чорную дзірку і белы чуб, я згадаў госця з Нарвегіі, які завітаў у наш Мінск. Ішоў я па вуліцы і сустрэў сваіх знаёмых, яны вялі гасцей з той самай Нарвегіі, якую ўпадабаў Трамп. Сярод гасцей быў нарвежскі прынц. Такое здарецца, ідзеш па Мінску і сустракаеш прынца нарвежскага. Фатаграфуешся і шыбуеш сабе далей. Пра тое вясёлае фатаграфаванне я нават паспеў забыцца. Але Трамп мне нагадаў пра яго. Між намі, скажу табе шчыра, да слоў амерыканскага прэзідэнта варта ставіцца сур’ёзна, нават, калі ён кажа пра нейкія там чортавы чорныя дзіркі. Думаю, што для Беларусі, як і для Амерыкі, добра, калі прыязджаюць госці з Нарвегіі, і зусім добра, калі сярод тых гасцей ёсць прынц.

prync-2017.jpg