January 14th, 2018

07kiepka

(no subject)

Хайку пра туман напісаныя на дарозе ў Вільню

*

Лес у шэрані
і ў тумане моцна спіць,
не варухнецца...

*

Поле сыходзіць
у туман, пару крокаў
і ты ўжо ў небе...

*

Лес у шэрані,
як высокая скала
непрыступная...

*
Лес такі белы,
што з яго вось-вось белы
заяц выскачыць...

*

Хата ў тумане,
як успамін пра маіх
дзеда і бабу...
07kiepka

(no subject)

1983. Бараноўскі і запатрабаванасць

Творы жывапісца Бараноўскага былі заўсёды запатрабаваныя. Думаю, што якраз праца на кафедры манументальнага мастацтва паспрыяла той запатрабаванасці. Ёсць у манументалістаў акадэмічнае заданне – карціна ў інтэр’еры. Студэнты спрабуюць напісаць карціну для пэўнага інтэр’ера. Выбіраецца офісны будынак і ў яго робіцца карціна з адпаведным настроем і зместам. Студэнты рабілі шматфігурныя батальныя карціны, рэдка партрэты выбітных дзеячоў, краявіды амаль ніхто не рабіў, бо яны аплочваюцца па самай мінімальнай стаўцы. А вось Анатоль Бараноўскі ўсё жыццё пісаў менавіта краявіды з бярозамі, якія выдатна ўпісваліся ў розныя міністэрскія інтэр’еры. Сталы намеснікаў і загадчыкаў, галоўных і сакратароў стаялі і стаяць пад сціплымі па колеры і багатымі па фактуры краявідамі Бараноўскага. Таму творчае жыццё жывапісца можна лічыць паспяховым. У яго заўжды былі замовы, якія прыстойна аплочваліся. Выкладчыцкая дзейнасць яго дысцыплінавала. Можна смела казаць, што Бараноўскі пражыў доўгае, добрае і спакойнае жыццё сучаснага дзяржаўнага мастака.
07kiepka

(no subject)

1970 (?). Сарока і прыкурванне

Курэц, калі застаецца без курыва, моцна нэрвуецца. Ва ўсім свеце для яго застаецца адна праблема і адно-адзінае пытанне. Дзе ўзяць закурыць? Не меншае нэрваванне ўзнікае ў таго ж курца, які дастаў цыгарэту, але не мае запалак. Свет так зроблены, што табе заўжды нечага не хапае: або запальнічкі, або папяроскі, або яшчэ нейкай трасцы... У Кастуся Сарокі скончыліся запалкі. Быў ветраны кастрычніцкі вечар. Кастусь ішоў праз мінскі пляц Свабоды. Спыніўся. Паспрабаваў прыкурыць. Вецер задзьмуў тры запалкі ўзапар, а болей у каробцы і не было. З цыгарэтай прылепленай да ніжняй губы Кастусь Сарока зайшоў Кафедральны мінскі сабор, узяў з-пад абраза запаленую свечку і прыпаліў ад яе цыгарэту. Пастаяўшы каля царкоўнай брамы Сарока са смакам выпаліў цыгарэту да самага фільтра і пашыбаваў далей, праз цёмны горад напоўнены ледзяным ветрам.
07kiepka

(no subject)

*

Турыстычнае бюро “Адпачні разам з намі” пашырылася, і цяпер можа прапанаваць вам шырокі комплекс рытуальных паслуг...