August 11th, 2015

07kiepka

(no subject)

Казакоў і Гейнэ

У Юрыя Казакова ёсць апавяданне пра ўзаемаадносіны маленькага хлопчыка і ягонага таты. Апавяданне мае запамінальную назву “У сне ты горка плакаў”. Казакоў расказаў пра тое, як душа хлопчыка атдзялілася ад душы ягонага таты і рушыла сваім шляхам. Апавяданне паэтычнае і шчымлівае, як і ўсё, што напісана Казаковым. Толькі ва ўсіх іншых апавяданнях вялікага майстра рускай прозы не было такой выразнай назвы. Сакрэт выразнасці я раскрыў для сябе выпадкова. Разгарнуў зборнік перакладаў з паэзіі Генрыха Гейнэ і прачытаў верш, дзе першы радок прагучаў, амаль як назва апавядання Юрыя Казакова: “У сне я горка плакаў”. Зразумела, што Казакоў не збіраўся хаваць запазычанасць назвы. Ён быў упэўнены, што ягоны чытач ведае паэзію Гейнэ і адразу пазнае ўзорны радок. Казакоў яшчэ верыў, што чытач спачатку прачытае менавіта верш Генрыха Гейнэ, а толькі потым “У сне ты горка плакаў” Юрыя Казакова. Большасць чытачоў мінулага так і зрабіла. Але праходзіць час, свет перакульваецца і чытачы пачынаюць глядзець на Гейнэ праз Казакова, а не на Казакова праз Гейнэ.
07kiepka

(no subject)

2015-199… Вашкевіч і Сыс

На вокладцы кнігі Анатоля Кудласевіча «Трынаццаць дзён» змешчана карціна Руслана Вашкевіча «Ладдзя». Ёсць на вокладцы і словы Руслана: «Гэтую маленькую карціну сто гадоў таму я падарыў Анатолю Сысу. Ён, узрадаваны, тыдзень паіў увесь інтэрнат БДТМІ. Калі я працверазеў, пайшоў у Дом Літаратара і папрасіў карціну назад, Сыс адказаў: «Я шчаслівы, што яна пабыла са мной увесь гэты час». Пасля гэтага мы пілі яшчэ тыдзень. Мікола Сцепаненка таму сведка. Карціна «Ладдзя» дасюль у мяне». Гісторыя хрэстаматыйная. Асабіста мне Руслан разы тры дарыў свае карціны. Мы пілі, ён дарыў. Праўда, усё падоранае я абачліва пакідаў у майстэрні Вашкевіча, каб Руслану не трэба было на цвярозую галаву нешта там прасіць і вяртаць карціны. Дарэчы, пра сведку… Сведкам пакіданняў падораных Русланам карцін у мяне быў не Міколка, а Міша Нацэўскі.