March 15th, 2014

2007

сучаснік

2014-2002. Гермянчук і замова

Звоніць Ігар Гермянчук – галоўны рэдактар газеты “Свабода”. Просіць, каб я напісаў думкі пра бандыцкі напад Расеі на Ўкраіну. Ігар даведаўся, што я цяпер не звязаны шчыльна ні з адным перыядычным выданнем, таму і заахвочвае пачаць актуальную калонку ў баявой “Свабодзе”. Адмаўляцца я не адмаўляюся. Канешне, лепей бы мне прапанавалі пісаць пра жыццё мастакоў, пра багемны побыт артыстаў ды пра здарэнні з літаратарамі, але і такая палітызаваная прапанова Ігара падаецца сваечасовай. Я абяцаю, што абавязкова напішу калонку і днямі прынясу ў рэдакцыю. Ігар пачынае казаць, што прыходзіць да яго не трэба. Ён так тэмпераментна адмаўляецца ад нашай сустрэчы, што я раптам згадваю – рэдактара Гермяньчука даўно няма сярод жывых. Гэтая згадка і выкінула мяне з цяжкага сну ў начную рэальнасць.
2007

казка

Шэры дарадца

Дробны, сухарлявы, злы. На носе цяжкія акуляры. Караткаватыя порткі ільсняцца на худым азадку. Ён штодня праходзіць каля тэатра Янкі Купалы і кіруецца ў Вялікі дом. У тым доме Шэры дарадца працуе карэктарам. Па тры разы ён вычытвае тэксты, што ідуць на подпіс да Першага. Першыя змяняюцца, а Шэры ўсё сядзіць і сядзіць у сваім мулкім сціплым карэктарскім крэсле. Яго б даўно памянялі на каго маладзейшага ці, што верагодней – маладзейшую, каб не карысныя парады. Шэры дарадца дае Першаму самыя карысныя з усіх карысных парадаў. Адкуль ён тыя парады бярэ? З балотнага круглага вакна. Ёсць пад Заслаўем лясное балотца, пасярэдзіне якога ляжыць невялікае чорнае чароўнае вакно. Дайсці да таго вакна можы толькі Шэры дарадца. Больш ніхто сцяжыны праз багну не ведае. Ён неяк з купіны ды на купіну скача і далазіць да вакна. Там кладзецца на мох каб слухаць бурбалкі, што ідуць з балотных нетраў на паверхню чорнай вады. Балотныя бурбалкі расказваюць Шэраму пра будучыню Першага. Раней парады Шэрага ніхто не слухаў, пакуль ён не прадказаў смерць Машэрава ў аўтакатастрофе. Пасля пахавання Машэрава да Шэрага дарадцы пачалі прыслухоўвацца. Пачалі яго ўзнагароджваць. Узнагароды ён браў, а грашовых падачак цураўся. Жыў аскетычна. Баяўся праз грошы страціць дар – разумець ціхія словы балотных бурбалак. У Вялікім доме ідзе страшная канкурэнцыя сярод рознаўзроўневых дарадцаў. Ёсць там сінія, чырвоныя, жоўтыя дарадцы, але ўсе яны слабейшыя і дурнейшыя за Шэрага, бо няма ў іх балотнага вакна з бурбалкамі-шаптухамі. Хто з каляровых дарадцаў наняў кілера? Невядома. Нехта наняў, і Шэрага дарадцу застрэлілі ў прыбіральні побач з тэатрам Янкі Купалы. Кілер забіў не толькі Шэрага, ён застрэліў і супрацоўніц прыбіральні. Пасля таго трайнога забойства, грамадскую прыбіральню па-хуткаму перарабілі ў тэатральную касу.