January 11th, 2011

07kiepka

беларускія твары

п Цыгарэтніца

Як яшчэ яе можна было б назваць, гэтую гандлярку тытунём без ліцэнзіі? Тытунніца? Тытунёвіца? Парттабачніца? Цыгарніца? Не! Хай будзе Цыгарэтніцай. Так і мякчэй, і смачней, і зусім не абразліва.

Нават калі ты не курыш і ніколі не курыў, ты не мог не пачуць гэтага кінутага Цыгарэтніцай нібыта і не ў цябе: “Цыгарэты, цыгарэты!!!” Чуў? Ну, вядома, чуў і не аднойчы.

На выхадзе з метро стаіць старая жанчына ў доўгім шэрым палітоне. У руцэ валізка. Нічога адметнага. Шэрая жанчына. Шэры да самай зямлі палітон. Шэрая валізка. З шэрых вуснай да цябе ляціць шархатлівы шэпт: “Хлопцы, цэгарэты, цыгарэты!”

Калі ты не курыш, ты пройдзеш паўз шэрую цыгарэтніцу, і праз якое імгненне забудзешся на яе. А вось калі ты моцна любіш паліць тытунь, і ў цябе раптам скончацца цыгарэты, і, зірнуўшы на гадзіннік, ты зразумееш, што магазін толькі што зачыніўся ажно да раніцы, а курыць хочацца… Во тады і згадаецца, і пачуецца шэрагалосае: “Цыгарэты, цыгарэты!”. Ты пабяжыш пад гастраном і набудзеш ў такой сваёй, такой блізкай і такой роднай цыгарэтніцы ажно тры пачакі даражэзных цыгарэт. Ты атдасі гурбу бабла за звычайныя цыгарэты і яшчэ радавацца будзеш.

Пасля закрыцця крам цыгарэтніца павышае, а як ты думаў, кошты. І чым ты яе шэрую, старую і нямоглую папракнеш? І не твая справа яе папракаць! Твой абавязак выказаць ёй удзячнасць. Зразумела, ніякай удзячнасці ты ёй не выкажаш, бо сквапная, бо кошт накручвае, бо шэраскурая і шэрагубая, як той цыгарэтны попел. Яна ўся нібыта і абсыпана цыгарэтным попелам.

Замест цябе яе папракнуць мянты. Яны і грошы з яе злупяць, і прынізяць публічна, і напалохаюць словамі, а калі пачне адгырквацца ды адплёўвацца, тады і чорнымі дручкамі намахаюць перад самым носам. Біць? Не, біць яны яе не стануць. Не паспеюць пабіць, бо яна ліслівым языком пачне прапаноўваць ім найсмачнейшыя цыгарылы за полову кошту. Менты цыгарылы забяруць, і не заплаціўшы сыйдуць. Ты будзеш сведкам прыніжэння цыгарэтніцы, табе на якое імгненне стане яе шкада. Толькі шкадаваць ты будзеш яе нядоўга, бо з мянтамі яна ў адным хаўрусе. Яна ім грошы, яны ёй ахову месца. Яна ўдае напалоханасць, яны робяць выгляд выкананага абавязка. Тэатар, адным словам. Вулічныя сцэнкі з вясёлым заканчэннем.

Раней цэгарэтніца была натаўніцаю малодшых класаў. Потым, атрымаўшы пенсію, працавала прыбірачкай і наглядчыцай у распраналцы басейна, што ў Доме афіцэраў. Цяперака яна стала цыгарэтніцай пад “Цэнтральным” універсамам. У яе працоўнай кнізе толькі два запісы – настаўніца ды прыбірачку, пра цыгарэтніцу там ніхто нічога не запісваў.

Калі ты зграбеш волю ў кулак і кінеш паліць, нейкі час цыгарэтніца са сваім “Цэгарэты! Цыгарэты!!!” будзе цябе раздражняць, яна нават сніцца стане табе, а тамака ў снах будзе прапаноўваць цыгарылы і цыгары добрыя па добрых коштах. Ты возьмеш соўсаваную цыгарылу, прыпаліш, зацягнешся смалістым і салодкім дымам ды прачнешся ў халодным поце. Як так? Тры месяцы без тытуню, а тут… Абмацаўшы коўдру і зразумеўшы, што закурыў ты толькі ў сне, супакоішся і даруеш цыгарэтніцы яе малапрыстойную прапанову.

Зазвычай, побач з цыгарэтніцай круцяцца і прадаўцы лёгкай наркаты. У некаторыя часы, поплеч з ёю працавалі і прадаўцы бутэлек з віном ды гарэлкаю. Але на гэтую публіку міліцыянты палююць пасапраўднаму. Яны і цыгарэтніцу могуць прагнаць, калі трапіцца пад гарачы дручок, але яна праз хвілін пяць вернецца на сваё заўсёднае месца, што на лесвіцы паміж выхадам з метро і ўваходам у “Цэнтральны” універсам.

У Барселоне я некалькі разоў сустракаў каля метро цыгана цыгарэтніка. Ён прадаваў цыгарэты ўдвая танней, чым у дзяржаўных тытунёвых шапіках. Я ўзяў пачак каб паспрабаваць, “Мальбара” было вельмі дрэннай якасці, пра што можна было і здагадацца, але я не здагадаўся.

Больш за год, як не куру, а цыгарэтніца па-звычцы ўсё яшчэ кідае мне ў плечы сваё песеннае: “Цыгарэты, цыгарэты