December 26th, 2010

07kiepka

(no subject)

2010-1970. Ядзя і святло

Бачыў у сне бабу Ядзю. Яна была ў святочнай сукенцы блакітна-брунатнай з залатымі кропелькамі. Я абмываў твар у лазенцы і слухаў сваё апавяданне, па радыё чыталі газету “Звязда”. Праз цуркатанне вады і густы голас дыктара я пачуў, як у залі ўключыўся тэлевізар. Тамака ішоў фільм зняты паводле таго ж самага апавядання “Бог”. Я вярнуўся ў лазенку і выключыў радыё, а калі зноў зайшоў у залю, там стаяла баба Ядзя. Яна выглядала маладой жанчынаю ветлівай і ўсмешлівай. Я зрабіўся маленечкім і глядзеў на яе знізу ўгару. Баба Ядзя выключыла тэлевізар і пагасіла святло. У кватэры ўсё зрабілася цёмна-сінім, і я прачнуўся ў гэткай жа цёмнай сінечы.
07kiepka

(no subject)

Сейбіт і пясок

У парку на заснежаныя сцежкі дворнік сыпле жоўты пясок, у белым снежні ён высявае залаты кастрычнік.