December 24th, 2010

07kiepka

(no subject)

2010-1986. Танк і падборкі вершаў

Чытаючы дзённік Максіма Танка зрабіў для сябе адкрыццё: асноўнай формай ягонай творчасці была падборка вершаў. Ён шукаў тэмы, збіраў матэрыял, пісаў і перапісваў вершы, збіраў напісанае ў часопісную падборку, заносіў у рэдакцыю і чакаў выхаду ў свет сваёй публікацыі. За лёс падборак Танк перажываў значна больш чым за выхад кніжак. Творчасць іншых літаратараў Максім Танк гэтаксама ацэньваў, збольшага, па часопісных публікацыях. Мае апавяданні ён прачытаў у часопісе “Полымя”. Для Танка я заставаўся аўтарам аповяда пра роднае Койданава. Прататыпы таго апавядання напісалі на мяне і на часопіс даносы ў самыя розныя інстанцыі. Танк абараніў “Полымя” і мяне на самым вышэйшым узроўні. Для Максіма Танка было важна абараняць часопіс, які штогод публікаваў падборкі ягоных вершаў.
07kiepka

(no subject)

2010. Вітаўт і пакет

Заходжу ў галерэю “Ў”, а тамака Вітаўт стаіць. “Вітаўт! У цябе выдатны пакет!” Кажу яму замест прывітання, бо прывітання ў звароце “Вітаўт!” больш чым дастаткова. А пакет? Пакет – каюк раёну! Яго насілі доўга, доўга, доўга. Ён зроблены з тоўстага цэлафану. Яго насілі пакуль малюнак на ім не пашараваўся да малапрыстойнасці. Пакет вывернулі на “левы” бок і разгладзілі. Вывернуты пакет быў выкарыстаны неаднаразова, бо цяпер ён мае пяшчотна-шэры-пакамечаны колер. “Вітаўт! У цябе пакет, як у Бонда, Джэймса Бонда!” На што Вітаўт адказвае: “Ты мог прайсці так, каб не плюнуць на мяне?” – “Мог! Але я плюнуў і трапіў пляўком у пакет… для смецця!”