December 22nd, 2010

07kiepka

(no subject)

Грамадзянская бойка

Тое, што адбылося ў Менску 19 снежня варта назваць – грамадзянская бойка. Заклік “Мы – адзін народ!” не спрацаваў. Людзі ў форме збівалі людзей ў цывільным. Людзі ў цывільным аказвалі супраціў і выяўлялі непакору. Беларусь імгненна падзялілася на варожыя лагеры – тых, хто ў форме, і тых, хто ў цывільным. Усход і Захад раўнадушна пазіралі на нашую начную бойку і разглядалі акрываўленыя галовы нашых байцоў. “Бойка выключна вашая!” – гучала з усіх бакоў. Сапраўды: грамадзянская бойка, як і грамадзянская вайна, унутраная справа краіны па вызначенні. Толькі трэба сказаць, што фінансаванне асноўных байцоў ішло з Усходу і з Захаду. Правакацыйны бруд таксама ліўся на нас з чужых старон. А вось адказваць давядзецца нашым людзям. У мяне няма формы, я не нашу пагонаў, адпаведна я знаходзіўся і знаходжуся на баку цывільных людзей. Зараз сіла ў руках той меншасці, што носіць пагоны і форму. Яны ўсю адказнасць за грамадзянскую бойку ўскладуць на цывільных. Фармальна грамадзянская бойка на гэтым і скончыцца. Але ва ўсіх беларусаў у душы застанецца крыўда за ганебную бойку. Мы будзем крыўдаваць, бо паразу атрымалі ўсе без выняткаў. Грамадзянская бойка не нараджае пераможцаў.
07kiepka

(no subject)

1992. Танк і паэтэсы

У дзённікавай занатоўцы за 28.12.1992 Максім Танк з відавочным сумам заўважае: “Трэба прызнацца, раней нам не вельмі вязло на паэтэс. Цётка, Буйло, Арсеннева… І як бы мы іх не ўздымалі, не ўзвялічвалі, вельмі абмежаваны тэматычны абсяг іх паэзіі, выйсці за які рэдка калі ўдавалася нават Жанне д’Дарк – Ларысе Геніюш…” У мяне няма на душы маркоты ад таго, што нашы паэткі саступаюць нашым паэтам. Мяне ніколі не захапляла творчасць ні адной з паэтэс пералічаных Танкам. А вось постаць святой Жаны, якая змагалася за свабоду радзімы, мяне ўражвала заўжды. Часам, мне падаецца, што я чую салодкі атрутны пякельны смурод, які сыходзіць ад вогнішча на якім паляць змагарку Жану. Яна ўратавала Францыю. Яе спалілі на плошчы. Цяпер, яна залатой вершніцай скача ў Луўр. У нас няма ні Парыжа, ні Луўра, ні залатой Жаны, ні вялікіх беларускіх паэтэс, але ў нас былі, ёсць і будуць паэты, здатныя ахвяраваць уласнае жыццё дзеля Радзімы.