December 19th, 2010

07kiepka

(no subject)

Белая вяроўка і брус сала

Гэтую казку чулі і расказвалі ды пераказвалі ў самых розных кутках Беларусі. Я нагадаю той варыянт, які пачуў за койданаўскім сталом са свежанінаю ад Віктара Мілько. У той дзень быў моцны мароз. Мужчыны закалолі, абсмалілі і абшкрэблі кабана да залацістай скуры. Жанчыны яго разабралі ды насмажылі сакавітай ды тлустай свежыны. Сям’я з гасцямі села каб пачаставацца смажанымі скабкамі да чорна-бліскучай крывянкаю. Мужчыны ўзялі па поўнай чарцы куплёнай гарэлкі. Жанчыны пачаставаліся вішнёвай наліўкаю. Тады Віця Мілько і распавёў нам казку пра вісельніка… Жыў быў мужык з бабаю. Пад Каляды закалолі яны кабанчыка. Абсмалілі яго і пачалі разбіраць у хлевушку. Разабралі. Параскладалі мяса ды сала па тазах ды місах. Стаміліся. Пайшлі ў хату выпіць ды закусіць. Баба насмажыла цэлую патэльню скабак. Селі яны на лаву, тут мужык і кажа: “Абрыдла мне гэтае свінчо! Глядзець на яго не магу! І есці смажаніну ня бубу! Зараз пайду ў хлевушок і павешуся!” Зазлавала баба на мужыка, ускочыла з лавы, дастала з шафы новенькі маток белай вяроўкі, кінула на стол і закрычала: “Бяры вяроўку! Ідзі і задавіся!” Муж забраў вяроўку і сышоў, бразнуўшы дзвярыма. Жонка думала, што ён пастаіць на снезе, пакурыць, астудзіцца ды вернецца за стол. Пачакала баба хвілін з дзесяць і пайшла шукаць свайго мужыка, каб замірыцца з ім ды чарку за тое замірэнне выпіць. Зайшла баба ў хлевушок, а тамака вісіць над тазамі з мясам яе мужчына з высалапленым языком ды заплюшчанымі вачыма. Баба выляцела з хлевушка і паімчала на другі канец вуліцы па доктара. Можа пасьпее! Можа ўратуе чалавека! Можа… Тым часам, на двор да сваякоў зайшла старая. Яна ўбачыла на снезе галаву заколатага кабана з калком у разяўленай пашчы. Пабачыла расхінутыя дзверы ў хлевушок. Паглядзела на цела свайго зяця, што пагойдвалася на белай вяроўцы. Пастаяла, падумала, узяла з таза вялікі брус сала і пачала яго засоўваць пад кажух. Старая ўжо схавала сала пад кажухом, калі пачула голас свайго павешана зяця: “Пакладзі сала ў таз! Чуеш, чортава карга?” Старая так пералякалася, што сэрца яе парвалася ад перапалаху. Яна павалілася на зямлю мёртвая. Тут і заляцелі ў хлевушок доктар з бабаю. Доктар дапамог мужчыне вызваліцца з пятлі, якая трымала яго пад пахі. Дапамагчы старой, вядома ж, паспрабавалі але ўратаваць ад смерці не змаглі. Брус сала, які дасталі з-пад кажуха, давялося выкінуць на сметнік, дзе яго хутка знайшлі і здзяўблі дзве сарокі.