December 15th, 2010

07kiepka

(no subject)

Мароз і сала

Мароз. Для сініц у мяне за вакном вісіць кавалачак свінога несалёнага сала. Чую: нехта скача на бляшаным падваконні. Скача, не раўнучы, як раз’юшаная малпа. Бляшанае падваконне калоціцца і грыміць! Падбег да шыбы і пабачыў крумкача. Ён падскокваў на блясе і спрабаваў дзюбаю ды кіпцюрастымі лапамі сарваць сала з вяроўкі. Давялося яго прагнаць! Прагнаў, і стала мне шкада агаладалага на холадзе крумкача, але знаёмых сініц я шкадую болей.
07kiepka

(no subject)

146.02 КБ

Пасядзеў у "Акварыуме" з Алесем Ласём. Даўно не бачыліся...
Ён мяне агаломшыў навіною пра смець Жэні Ліс.
З ёю мы разам вучыліся, яна нарадзіла ад Лася сына Вову...
Цяперака ў Вовы свой сын, якому тры з паловаю гады.
07kiepka

(no subject)

Святая Ёлка

Толькі елка пастаўленая і прыбраная на Новы год называецца ў нас ёлкай. Толькі найгалоўнейшая ёлка, што стаіць на лядовым пляцы ў самым цэнтры нашай белай і чыстай краіны завецца Святой Ёлкаю. Дзесяць гадоў пасля абвяшчэння яе Святой вялікая Ёлка прастаяла спакойна, а на адзінаццаты год па сталіцы папаўзлі чуткі пра цудадзейнасць ігліцы. Калі на Каляды пасярод ночы адшчыкнуць ад Святой Ёлкі зялёную іглінку, закінуць яе ў рот, разжаваць, а перад тым як праглынуць узгадаць самае сваё запаветнае жаданне, дык тое тваё жаданне неўзабаве і спраўдзіцца. Мана, не мана? Жарт, не жарт? Праўда, не праўда? А народ наперэдадні Калядаў пайшоў да Святой Ёлкі. Нехта паверыў, нехта вырашыў паглядзець на тых, хто верыць у цуд, а нехта пайшоў ахоўваць парадак… У калядны вечар народу вакол Святой Ёлкі назбіралася процьма. Ахоўнікі парадку паспрабавалі не пусціць людзей да Святой Ёлкі, але сілы былі няроўныя. Народ растаптаў ахоўнікаў, зламаў і зжаваў святое дрэва… Людзі ішлі па людзях. Кожны дбаў пра сваё жаданне. Кожны песціў адно сваю запаветную мару. Кожны змагаўся за самога сябе і сваё персанальнае шчасце. Неразумнасць, жорсткасць і гвалт здарыліся на лядовым пляцы. Усе былі вінаватыя, і вінаватых не было. Людзі жавалі ёлачныя іголкі і верылі ў патрэбнасць, важкасць і важнасць сваіх жаданняў. Працверазенне прыйшло толькі пад раніцу. Затаптаных развезлі па моргах. Параненых ды пакалечаных параскладалі ў бальнічных палатах ды калідорах. Прыбіральшчыкі з прыбіральшчыцамі папрыбіралі смецце з лядовага пляца і залілі яго свежай вадою. Пляц заззяў у промнях ранішняга сонца. Ён заззяў так, нібыта нічога страшнага на ім і не здарылася. Краіна маўчала пра жахлівую ноч і з’едзеную Святую Ёлку. Наша чыстая і белая краіна маўчала так, нібыта набрала ў рот святой вады.