December 14th, 2010

07kiepka

(no subject)

z 2010. Шыма і Швед

Пад крамаю сустрэў Шыму. Гэта той Шыма, які прачнуўся ў сваёй кватэры з нажом у руцэ і двума трупакамі на падлозе. Адвакат трапіўся правільны, суд за Шымай празнаў толькі перавышэнне вымушанай самаабароны. Шыма адседзіў свае поўныя пяць гадоў… Зрэшты, пра гэта і так усе даўно ведаюць. Прайшло, прамінула. Шыма папрасіў у мяне пяць рублёў на гарэлку. Звычайна, я не даю Шыме грошы. Зразумела! Дасі, ён зноў прачнецца на варэльні з нажом ў руцэ… Але гэтым разам Шыма моцна прасіў, казаў пра запой, які цягнецца больш за месяц. З шостага кастрычніка па трынаццатае снежня Шыма несупынна п’е. Я даў грошы на сто пяцьдзесят беларускага бальзаму. Шыма адсёрбнуў з рыльца грамаў трыццаць і распавёў пра Шведа. Наш агульны знаёмы Сяргей Шаўцоў, мянушка Швед, з’ехаў жыць на вёску. Ён набраў у Філарэта замоў на вырабленне аналое і рамаў для алтара. Замовы Швед не зрабіў, бо не даглядзеў дрэва. Дуб, які ён сушыў для працы, парвала. Дрэва патрэскалася, і Швед не выканаў замовы. Давялося яму ісці ў нарыхтоўшчыкі дроваў. Цяпер Швед ходзіць па вёсках і дапамагае спраўным гаспадарам пілаваць і калоць дровы. Мне ўявілася, як на марозе пад снегам я са Шведам кладзем на козлы бярозавае бервяно і пачынаем яго разпілоўваць на акуратныя чуркі. Я нават парадаваўся за Шведа, а Шыма зрабіў выгляд, што падзяляе маю радасць за таварыша і адсёрбаў наступныя траццаць грамаў духмянага бальзаму.
07kiepka

(no subject)

z 2010. Сыс і Сыс

Мікола Ваўранюк падарыў мне свой фільм “Сыс пра Сыса”. Мікола працаваў над фільмам у якасці рэжысёра. Сцэнар напісала Паліна Сцяпаненка. Галоўную ролю выканаў Сяржук Сыс, які распавёў сваю ўласную гісторыю пра паэта Анатоля Сыса. У фільме было шмат знаёмых твараў. Быў мастак Марачкін, былі сёстры Анатоля. Фільм стаўся для мяне сваеасаблівым адкрыццём, бо я ведаў, любіў і люблю зусім іншага паэта Анатоля Сыса. Ніводная дэталь з маіх ведаў не супала з тым, што паказана і пра што распавядаецца ў фільме.