December 12th, 2010

07kiepka

(no subject)

z Салодкі выгляд беларускіх каштанаў

Яны – нашы родна-беларускія каштаны – такія смачныя на выгляд… А гэты блакітны блік на глянцавітай бурштынава-шакаладнай скурцы? Так бы і праглынуў каштан цалкам! Каб я быў паганцам-традыцыяналістам і слухаў дуду, я б стварыў вераснёвае свята з рытуальным паяданнем каштанаў! Не смачна. Ведаю цудоўна. Хто з нас не спрабаваў есці каштан? Пакуль не бачаць дарослыя, каштан знаходзіўся, абціраўся, надкусваўся, жаваўся і выплёўваўся. З першай спробы амаль ні ў каго не атрымлівалася адмовіцца ад каштавання беларускіх каштанаў. Ну хіба можна адразу паверыць у тое, што ўсе нашы цудоўныя каштаны горкія да даўкасці і даўкія да горкасці? Нават калі табе і паверылася ў няўежнасць нашых прыгожых каштанаў, ты іх усё адно збіраеш. Нават калі ў нейкім там Парыжы ты пакаштуеш салодкія і смачныя французскія каштаны, ты, як сапраўдны патрыёт, скажаш: “Нашы каштаны прыгажэйшыя, у сто разоў!”