November 30th, 2010

07kiepka

(no subject)

Саня

Апавяданне пра таварыша майго Саню Пятраева

Ён любіў выпіць. Хто не любіць? Ён любіў выпіць, каб напіцца, каб тварам аб стол, каб з капытоў, каб галавою аб асфальт. Ён піў па-руску, па-пралетарску, па-піцерскі. Ён пачынаў са шклянкі грэйпфрутавага соку і соткі гарэлкі. Ён пачынаў, не спяшаючыся, і павольна сыходзіў у трохдзённы а то і тыднёвы запой. Прахопліваўся немаведама дзе, невядома з кім і чорт ведае ў колькі. Валокся дамоў і тамака адлёжваўся з кнігаю. Пакуль выходзіў з запою прыдумляў нейкую неверагодную гісторыю пра сябе і сваё п’янства…

Была гісторыя пра маладую цяжарную жанчыну з Лацінскай Амерыкі... Зацяжарыла тая лацінаамерыканка ад Сані. А ён угаварыў цяжарную не рабіць спарон а данасіць іх дзіця, нарадзіць і пакінуць яму на выхаванне. Сваю жонку Саня таксама ўгаварыў узяць лацінаамерыканскае дзіця. У Сані з жонкай ужо была адна дачка, але яна вырасла і з’ехала вучыцца і жыць у Піцеры. Так што, на думку Сані, можна завесці новае дзіця ад маладой дачкі страшэнна заможнага гаспадара заводаў, фабрык, параходаў…

Часам падавалася, што Саня сам верыць і гісторыю пра лацінаамерыканскае дзіця. Ён вельмі пераканаўча казаў, што сышоў у запой, бо тата лацінаамерыканскай прыгажуні вырашыў не даваць свайго ўнука ў сям’ю Пятраевых і забараніў дочцы вяртацца ў Менск.

Другая гісторыя пра страшэнную бойку ў піцерскім бары… Саня прыехаў у Піцер, у горад свайго юнацтва, у горад, які любіў больш за жыццё, у горад дзе хацеў памерці… Я не хачу здохнуць у Менску. Мне трэба ў Піцер. Там усе свае і ўсё сваё. Я прыехаў, сустрэўся ў бары з пацанамі. Я выпіў толькі першую сотку і толькі запіў яе грэйпфрутавым сокам, як нейкія гопнікі пачалі высцёбвацца. Пацаны вырашылі ўправіць ім мазгі. Мазгі не ўпраўляліся. Пацаны паклалі іх проста ў бары. Дасталі ствалы і паклалі гопнікаў. Піцер! Менты свае. Трупы гопнікаў мы завезлі на балота і закапалі. Неглыбока, проста прысыпалі зямлёю. Па дакументах гопнікі былі пскоўскія…

Пра бойкі ў Піцеры Пятраеў распавядаў шмат разоў. Пасля такіх расповядаў разбіты аб асфальт твар мусіў выглядаць крыху лепей. Прынамсі, так думаў Саня. Падобнымі думкамі ён сябе суцяшаў, распавядаючы і зусім іншыя гісторыі…

Мелася ў Сані Пятраева і гісторыя пра Шэрую рэвалюцыю, якая павінна была адбыцца ў самых глыбокіх нетрах сілавых структур. Былі ў Сані тры таварышы – Кастусь, Саш і Юрась. Змовіліся мужчыны і паспрабавалі вылучыць свайго кандыдата ў прэзідэнты. Вылучылі Кастуся, мянушка Чэкіст. Вылучылі Чэкіста, бо думалі, што сілавікі падтрымаюць свайго. А калі што якое, дык не проста падтрымаюць, а зброяй дапамогуць. Мужчыны намагаліся, цэлымі днямі працавалі, а начамі пілі. Мужчыны не спалі зусім, але 100 000 патрэбных подпісаў не сабралі… Саня Пятраеў пасля той палітычнай паразы піў тыдні два. Піў да канца. Піў да гаравою аб асфальт.

Апошні раз Саня піў з Эдзікам. Калі для Сані цэнтрам сусвету быў Піцер, дык для Эдзіка ўсе дарогі вялі ў Маскву. Эдзік сем месяцаў не быў у Менску, а тут вярнуўся. Кавярня “Акварыум” узрадавалася вяртанню Эдуарда. Селі адзначаць. Першы вечар прайшоў на выдатна, а другі скончыўся падзеннем. Саня Пятраеў пайшоў у прыбіральню і грымнуўся на лесвіцы ў кавярні “Абрыкос”. Ён грымнуўся так, што ўстаць не змог. Галава разбілася аб прыступку. Эдзік выклікаў “хуткую”. Саню завезлі ў лякарню, дзе яму зрабілі трэпанацыю чэрапа. Дзесяць дзён Саня праляжаў у коме. Не вяртаючыся ў свядомасць, ён сканаў.
На пахаванні з’явілася яшчэ адна гісторыя пра таварыша майго Саню Пятраева.
Нібыта ён быў зусім цвярозы. Нібыта нейкія бандыты ўдарылі Саню ломам па патыліцы. Яны збілі яго, каб абрабаваць, каб забраць грошы і плашч.

У гісторыю з праломленай ломам патыліцаю і скрадзеным плашчом усе хутка паверылі.

Наш агульны знаёмы Андрэй нават упэўнена дадае ў гісторыю з ломам і такі матыў – грохнулі за пазыкі.

А я? Я скажу так… Фізік Саня Пятраеў любіў выпіць сотку гарэлкі і запіць яе грэйпфрутавым сокам…