November 23rd, 2010

07kiepka

(no subject)

Белае вядро

Наша вёска Варакомшчына як стаяла так і стаіць каля самай дарогі. Колькі па той дарозе ўсяго прайшло, праехала, пракацілася… Ніхто не палічыць. Хто толькі не кіраваўся з Польшчы ў Расею ды з Расеі ў Польшчу… Ніхто ўсіх не назаве і не ўзгадае. Гісторыя, якую распавядала варакомская баба Хвядора пра свайго дзеда Хведара якраз і знітавана з нашай дарогаю, з нашай пыльнай рэчкаю, што цячэ адразу ў два бакі… Прачнулася баба пасярод ночы, а дзеда ў хаце няма. Не знайшла яна свайго Хведара і на падворку. Выйшла на вуліцу і пабачыла, што дзед Хведар ляжыць асветляны поўняю ўпоперак дарогі ды храпе. Разбудзіла Хвядора Хведара і пытаецца: “Чаго ты, дзед, лёг спаць пасярод дарогі?” – “Як толькі мы з табою заснулі, пастукалі ў наша вакно чужыя мужчыны. Яны папрасілі вядро, каб набраць вады і занесці на дарогу, дзе стаяла іх машына. Я ўзяў наша Белае вядро, выйшаў з хаты і правёў мужчын на дарогу. Яны залілі ваду ў машыну, вярнулі пустое вядро і паехалі ў бок Наваградка. Я застаўся на дарозе з пустым Белым вядром. Больш нічога не памятаю… Хвядора, а ты тутака Белага вядра не бачыла?” Старыя пашукалі вядро, але знайшлі яго вярнуўшыся ў хату. Яно поўнае да самых краёў калодзежнай вады стаяла на свайім заўсёдным месцы – на зэдліку, каля печы.
07kiepka

FOTA-HLOBUS

179.26 КБ
Днямі ў маім двары было шмат сонца, я закансерваваў яго ў тэлефоне,
а цяперака - у шэры вечар - разкансерваваў...
07kiepka

(no subject)

Аўтапартрэты невядомых і Такешы Кітана (北野 武 )

У фільме Такешы Кітана “Ахілес і чарапаха” (アキレスと亀) нахабны і сквапны галерэйшчык задае пытанне маладому мастаку: “Каму патрэбны аўтапартрэты невядомага мастака?” Пытанне завісае ў віртуальным паветры... Мастак маўчыць і моўчкі перамалёўвае ўсю гісторыю сучаснага мастацтва, перамалёўвае і паўтарае самыя значныя ўзоры ад Ван Гога да чалавеказнішчальных перфомансаў. Стары, скалечаны, паўжывы мастак нарэшце знаходзіць сваё супакаенне пабач з жонкаю. Фінал – дрэнь. Закадравы голас кажа, што Ахілес дагнаў чарапаху. Бздура! Матэматычны Ахілес не можа дагнаць матэматычную чарапаху. Такешы Кітана спрабуе абвергнуць старажытных грэкаў, але ў яго нічога не атрымліваецца… А ў маёй фрэндстужцы атрымліваецца абвяржэнне Такешы Кітана, гэта атрымліваецца ў мільёнах іншых фрэндстужак, дзе малююцца і малюююцца аўтапартрэты невядомых мастакоў. Шкада толькі, што акром тых аўтапартрэтаў, там нічога цікавага больш няма.
07kiepka

(no subject)

Серыяльныя формулы


Лацінаамерыканскія тэлесерыялы трымаюцца на тым, што багатыя плачуць; а расейскія – на тым, што і мянты спрабуюць жартаваць.