November 20th, 2010

07kiepka

(no subject)

2010. Пятраеў і кніга

У мінулую сыботу Пятраеў сказаў мне, што выпіў сем пляшак гарэлкі з Эдзікам і Валерам. Сем пляшак на трох – многа. У пятніцу я нават паўгадзіны пасядзеў з хлопцамі ў “Акварыуме”, але ніхто з іх не памятаў пра мяне. Яны пілі, бо Эдзік прыехаў з Масквы адведаць маці. Эдзіка не было ў Менску сем месяцаў, а тут з’явіўся! Чым не нагода моцна выпіць. У пятніцу гульнулі, у сыботу было цяжка. Пятраеў замовіў сотку каньяку і грэпфрутавы сок. Ён выпіў каньяк, запіў яго сокам і сказаў мне, што ў аўторак а шостай вечара прынясе кнігу, якую я абавязаны прачытаць! У аўторак я і прышоў… Эдзік з Жэнікам дагульваў свой кароткі адпачынак. Я спытаўся пра Пятраева. “Ты нічога ня ведаеш пра Сашку Пятраева?” – “А што я павінен ведаць пра Пятраева?” – “У сыботу ўвечары мы другі дзень пілі. Пятраеў пайшоў у прыбіральню, у “Абрыкос”. Лепей бы ён пайшоў у “МакДоналдс”, але ён у “МакДоналдсы” не ходзіць з нейкіх там сваіх прынцыпаў. З прыбіральні ён уздымаўся па сходах і ўпаў. Пэўна, ён страціў прытомнасць, бо ўпаў на спіну. Разбіў галаву. Ляжаў дагары нагамі. Я выклікаў хуткую. Пятраева забралі…” – “І што з ім?” – “У бальніцы…” У пятніцу ў “Акварыуме” было поўна народу. Я падсеў за столік да Алега. Ён сказаў, што Кашкурэвіч патэлефанаваў Пятраеву дамоў. Маці сказала, што Саша ў коме. Яму зрабілі трэпанацыю чэрапа, але ў свядомасць ён не вярнуўся. Ці ачомаецца ён? Ці памрэ? Ніхто сказаць не можа… “Трэба каб выжыў!” – сказаў я. “Чаму трэба?” – “Ён мне паабяцаў кнігу прынесці…” – “Якую?” – “Выжыве, скажа…”
07kiepka

дакумент Чарнышэўскага 7-59

158.42 КБ
Вырашыў сабраць пад адным тэгам усе свае адрасы...
Беларусь, Менск, вуліца Чарнышэўскага, дом 7, кватэра 59.
У гэтым доме я жыў з 1963 па 1968 год.
У той час там жылі выдатныя беларускія пісьменнікі:
Язэп Пушча, Уладзімір Караткевіч, Міхась Стральцоў...
Жыў яўрэйскі паэт і перакладчык беларускай літаратуры на ідыш Хаім Мальцінскі...
Жыў хлопчык з прозвішчам Кашапараў,
які пазней стане спяваць ў легендарным ансамблі "Песняры"...
07kiepka

(no subject)

2010. Тамара і Вольга

Даўно не бачыў сваю першую жонку, Тамару. А сягоння выйшаў на праспект, і сутыкнуліся мы твар у твар. "Ну як Вы? Унукаў не гадуеце?" - "Якія ўнукі? Нам яшчэ рана!" - "Як наша дачка?" - "Выдатна!" - "Яна ў Менску?" - "Яна ў Фінляндыі... Піша дысертацыю". - "Матэматыка?" - "Канешне, матэматыка. Нашто вучыліся, тым і займаемся..." - "Збіраешся з'ездзіць у Фінляндыю?" - "Можа і паеду..." - "Вы, Тамара Іванаўна, выдатна выглядаеце!" - "І Вы, Уладзімір Вячаслававіч, выглядаецк цудоўна!"
07kiepka

(no subject)

114.98 КБ


2010. Ала і карціны

“Ал, ты карціны пішаш?” – “Не! Я цяпер сляпая і зрабілася скульптарам. Ляплю, ляплю… Я заўжды любіла намацальныя рэчы. І я зноўку выкладаю ў мастацкай вучэльні…” – “Выдатна!” – “ Крыху павыкладаю і сыду…” – “Я цябе сфатаграфую. Зняў! Паказаць?” – “Не трэба, усё адно не ўбачу…”