November 16th, 2010

07kiepka

(no subject)

Чорны арэх, Чорная дзяўчына і Чорнае наканаванне

Была-жыла ў таты з мамаю дзяўчына-прыгажуня. Клікалі яе Вольгаю. Аднаго разу, павялі бацькі сваю прыгажуню ў батанічны сад. Там яны палюбаваліся лебядзіным возерам і пакармілі арэхамі прыручаных вавёрак. Ні тата ні мама не бачылі, як да дзяўчыны падбегла шэрая ліса і пачаставала Вольгу Чорным арэхам. Пачастунак быў смачны. Вольга распавяла бацькам пра ласунак-пачастунак, але ёй не паверылі. Дарма! З таго дня пачала прыгажуня хварэць. Дзяўчыне падавалася, што з яе цела выходзіць іншая дзяўчына чорная, як зямля. Тую Чорную дзяўчыну ніхто, акром самой Вольгі, не бачыў. У люстэрках яна не адбівалася. Слізгацела па сценах і рэчах, як праўдзівы цень. Але Чорная дзяўчына не была ценям, бо ўмела нашэптваць загады. Яна і загадала Вользе ўзяць малаток ды паразбіваць у кватэры ўсе разеткі з выключальнікамі. Яна пераканала дзяўчыну ў тым, што ад электрычнасці сыходзяць адны непрыемнасці. Тая паверыла і паразбівала малатком не толькі выключальнікі ды разеткі, а і ўсе электрапрыборы. Пацярпелі тэлевізар з кампутарам, паразляталіся на кавалачкі тэлефоны, пакарабацілася лядоўня, пабіліся лямпы і лямпачкі… У кватэры адбыўся натуральны пагром. Бацькі распыталі дачку пра здарэнне і даведаліся пра Чорную дзяўчыну. Уся сям’я пачала змаганне з нячыстай сілаю, што ўцялеснілася ў вобраз Чорнай дзяўчыны. Вольгу вадзілі да розных святароў і да шаптух з чараўніцамі. Яна піла святую ваду і ела святы хлеб. Пасля некаторых працэдураў Чорная жанчына не аказвалася па цэламу тыдню, але пазней зноўку выходзіла з Вольгі і нашэптвала вандальныя загады. Бацькам давялося здаць дачушку ў вар’ятню. Там яна тры тыдні праляжала прыкутай да ложка і вылекавалася. Вольга распавядала, што Чорная дзяўчына напрыканцы трэцяга тыдня выйшла з яе і зайшла ў медсястру. Сястра перапужалася так, што выбегла на дах бальніцы, скочыла з яго і разбілася. Чорная дзяўчына выляцела з нябожчыцы, прыляцела да Вольгі і развіталася з ёй назаўжды, сказаўшы, што Чорнае наканаванне здзейснілася. Бацькам і лекарам такое вытлумачэнне падзеяў мала што дало, але дзяўчына-прыгажуня паправілася, чым усіх моцна пацешыла.