November 15th, 2010

07kiepka

(no subject)

1980. Фаворскі, Брэжнеў і Касыгін

У савецкія часы, каб зайсці ў Маскве на могілкі Навадзевіч’і, патрабаваўся пропуск. Мая знаёмая, пазычыла ў сваіх знаёмых, якія мелі там магілы сваякоў, спецпропуск. Мы зайшлі на могілкі, і пачала яна распавядаць жахлівыя гісторыі… Брэжнеў, каб пахаваць маці, выкапаў дваіх генералаў. Касыгін, быў і такі дзеяч у палітбюро кампартыі, хаваючы жонку, растрыбушыў ажно шэсць магіл. Наслухаўшыся гісторый па вандалаў камуністаў, я паглядзеў на лысую бронзавую галаву Хрушчова і падумаў, што дарэмна прыцягнуўся да Навадзевіч’ева манастыра… Але мой настрой паправіў Фаворскі. Стоячы над магілаю выдатнага мастака, чый мазаічны партрэт зрабіў Чарнышоў, я адчуў палёгку. Гледзячы на выкладзены з каляровых каменчыкаў твар Фаворскага, я думаў, што не толькі гАды жывуць на свеце, а і добрыя людзі трапляюцца сярод нас, зрэдзьчасу.