November 13th, 2010

07kiepka

(no subject)

1967. Епіфанаў і расповяды

Першыя тры гады ў школе я вучыўся ў адным класе з Епіфанавым. Ён казаў, што трэба зацягваць дзевак у кусты, распранаць і біць. Прапановы Епіфанава моцна хвалявалі хлопчыкаў аднакласнікаў, як хвалявалі нас і ягоныя расповяды пра старшакласнікаў, якія зацягваюць дзевак у кусты, распранаюць іх цалкам і моцна б’юць. Епіфанаву ніхто веры не даваў, але аповяды ягоныя слухаліся з непрыхаванай цікавасцю.
07kiepka

(no subject)

2010-1965. Бронік і Ядзя

Дзед Бронік працаваў шафёрам на пажарнай машыне, і я хадзіў да яго ў “пажарку”, сядзеў у высокаколай машыне за вялікім рулём. Нават бліскавічна-залаты, металёвы, цяжкі шалом мне дазвалялі памераць і панасіць. Баба Ядзя некалі працавала швачкай на фабрыцы, але працавала тамака нядоўга. У нашым доме, на пачэсным месцы, каля вакна стаяла швачная машынка “зінгер”. На той машынцы баба Ядзя шыла жаночыя сукенкі. Яна абшывала нашу і некалькі суседніх вуліц. Мне хацелася схадзіць з бабаю на швачную фабрыку, як з дзедам я хадзіў у пажарную. Баба Ядзя абяцала звадзіць мяне на сваю швачную фабрыку, але так і не звадзіла. Праз сорак пяць гадоў мне зноўку захацелася пайсці на швачную фабрыку, але і гэтым разам я туды не патраплю. Мая дзіцячая мара так і застанецца дзіцячай мараю.