November 7th, 2010

07kiepka

(no subject)

Прадавачкі і змрок

Позна ўвечары агледзіў, што на раніцу няма кашы. Давялося цягнуцца пад дажджом ў начную краму. Там мяне засмуцілі сваім выглядам прадавачкі. Адна была падобная да мутнаватай бурбалкі на паперхні гнілога балотца; другая не мела ў твары ні воднай крывінкі і выглядала як костка абгрызеная ды абсмактаная сабакам; трэцяя сціскала жменяю левую цыцку, крычала, што ў яе схапіла сэрца, але ад дапамогі адмаўлялася. Выйшаўшы з крамы пад дробны дождж, я даў сабе слова, што прадукты буду купляць удзень і ў іншых крамах.
07kiepka

(no subject)

Попік, макіяж і вольны дзень

Нядзеля – дзень вальнейшы, за ўсе астатнія на тыдні. Можна пагуляць у горадзе. Можна на вуліцы памаляваць. Таму і зірнуў я раніцаю на прагноз надвор’я. Тэлевізійшчыкі паабяцалі караткачасовы дождж. Сумнавата, а яшчэ больш сумна зрабілася мне ад чырвонатварага попіка ў бэзавай шапачцы. Попік разважаў… пра макіяж. Ён разважаў пра залежнасць змястоўнасці ды духоўнасці чалавека ад ягонай знешнасці. Некалькі хвілін я паглядзеў на бэзавую шапку і бурачкаваты нос, падумаў пра нахабнасць і глупствы попіка ды выключыў тэлік. Нават кепскія прагнозы ды відавочныя глупствы нядзелю мне не сапсуюць… Мой вольны дзень гэта – мой дзень.