November 6th, 2010

07kiepka

(no subject)

z 2010-1973 Нінка і метро

Яна злая, і таму я называю яе Нінка. Можа да некага яна ставілася добра, можа нехта называў яе Ніна, Ніначка, Ніночак, Нінуля, Нін... А я заўжды казаў на яе Нінка. І тады, калі мы разам хадзілі ў мастацкую вучэльню; і тады, калі разам паступілі ў тэатральна-мастацкі інстытут, і пазней – да самага да сёння. З Нінкаю Бялевіч я ніколі не сябраваў, але ведаю пра яе шмат, бо яна любіла і ўсё яшчэ любіць хадзіць у госці да маё мамы. Цяпер Нінка жыве ў Амерыцы, носіць белыя штонікі і робіць выгляд шчаслівай жанчынкі. Яна мне нават даслала фотаздымак з Лос-Анджэлесу, адкуль я і ведаю пра колер штонікаў. Яна прасіла перадаць маёй маме, што ў Амерыцы ёй жывецца добра. Так я і паверыў! Жыве Нінка з нейкім дзедам… Яе справа. Але, атрымаўшы амерыканскі здымак з беларускай Нінкаю, я згадаў сваю сустрэчу з Нінкаю ў менскім метро, на станцыі Парк Чалюскінцаў. Забягаю я ў метро і бачу: Нінка ў чорнай форме метрапалітэннай наглядчыцы сядзіць ў шкляной будачцы, што стаяць каля турнікетаў. “Нінка, ты што тут робіш?” – “Працую!” Нінка запунцавела ўся, толькі вочкі засталіся блакітна-ледзянымі. “Тут, у метро? Ты дзесяць гадоў на мастака вучылася, каб залезці ў гэтую будку?” – “Тут заробак нармальны плоцяць і кватэру паабяцалі даць!” Кватэру Нінцы далі. Яна ў ёй і жыла са сваімі двума сынамі, ажно пакуль у Амерыку не з’ехала. З’ехаць у Амерыку да нейкага там дзеда Нінцы было проста, гэта ж нават прасцей чым пасля дзесяцігадовай вучобы на мастака-графіка пайсці наглядчыцай у метро. Часам, мне было шкада Нінку. Мне было шкада яе, калі выйшла замуж за п’янтоса Хацановіча. Было шкада, калі кінула мастацтва… Але найбольш я шкадаваў Нінку, калі ў яе памёр ад грыпу старэйшы сын. Малодшага Нінка звезла ў Штаты, а старэйшы застаўся ў кватэры, дадзенай за працу ў метрапалітэне. П’янтоса свайго Хацановіча Нінка яшчэ раней кінула і выгнала з дому. Старэйшы сын жыў з жанчынаю, якая нарадзіла хлопчыка. Унук Нінкі нарадзіўся неўзабаве пасля бацькавай смерці. Нінцы давялося прыляцець з Амерыкі і перапісаць кватэру на свайго ўнука. Фармальна яна магла забраць кватэру; не забрала, падаравала яе маладой мамцы. Можа Нінка і не такая злая, як мне падаецца? Але для мяне яна ўсё адно Нінкаю была і Нінкаю застаецца. Нінаю завуць маю маці.