November 5th, 2010

07kiepka

(no subject)

Станцыі менскага метро

Добра, што ў нас яшчэ хапае сродкаў каб станцыі ў метро рабіць рознымі. Але гэтая розніцы схіляе мяне да таго, каб назваць найлепшую і найгоршую станцыі ў менскім метрапалітэне. Кепскай, па ўсіх параметрах, я лічу станцыю Няміга. Сцены яе ў брудных рагах, бо гнілая вада загнанай пад зямлю рэчкі Нямігі прасочваецца праз столь. Змрочны гадка-брунатны колер панэляў на сценах выклікае агіду. Вялізны човен-бервяно, што вісіць над галовамі пасажыраў, якія чакаюць электрычку, можа спарадзіць толькі страх. Выклятасць гэтага месца вядома нам з дванаццатага стагоддзя, крывавая бітва на рэчцы Няміга апісана ў “Слове пра паход Ігараў”. Жудасная драма з дзесяткамі задушаных людзей, што адбылася каля ўваходу на станцыю, ніякім чынам на самой станцыі не адбілася. (Пра бяздарныя мемарыяльныя знакі на ўваходзе ў падземны пераход я гаварыць не стану… Дрэнь, якая яшчэ больш замінае рухацца.) Калі ёсць магчымасць абыйсці станцыю. Калі ёсць варыянт не выходзіць на ёй. Я не выходжу і я абыходжу станцыю метро Няміга. На мой розум, гэтую станцыю варта зачыніць, калі не назаўжды, дык на доўгатэрміновы грунтоўны рамонт. Найлепшая станцыя для мяне – Акадэмія навук. Ёсць у ёй чысціня і надзейнасць металу і каменя. Яшчэ мне заўжды падабалася публіка на гэтай станцыі: студэнты, журналісты, навукоўцы… Прысутнасць разумных і таленавітых людзей на пероне мяне заўжды абнадзейваў. Менавіта гэтую станцыю я лічыў сваёй і тады, калі яе будавалі пад вокнамі майго тэатральна мастацкага інстытута, і тады калі я ездзіў на працу ў Дом друку, дзе мясцілася наша рэдакцыя часопіса для школьнікаў “Бярозка”.

P. S.

Як бы мы ўсе не ставіліся да менскага метро, але гэта адзін з самых цікавых і выбітных твораў архітэктуры і мастацтва ў культурнай прасторы Беларусі. Цікава паслухаць тваё меркаванне пра станцыі менскага метрапалітэна. Што падабаецца? Што не?