October 13th, 2010

2007

(no subject)

1975. Савіцкі, Сумараў і мужчынскія забаўкі

Набралі мы таннага віна. Селі пад вербамі, каля самай рэчкі. Выпіваем і гаворым пра мужчынскія забаўкі… “Не так шмат у нас забавак!” – кажа мне выкладчык жывапісу Кім. “Ня так і шмат!” – пагаджаюся з выкладчыкам. “Якія ў нас забаўкі? Памаляваць ды выпіць? Ты яшчэ да якой дзеўкі сходзіш. Вы яшчэ пакурыце пад кустом бэзу… Усё”. – “Ёсць яшчэ рыбакі. Ім ні чарка ні цыгарэта не трэба. Іх нават дзеўка не натхняе. Бяруць вуду і стаяць гадзінамі каля вады”. – “Савіцкі такі. Усё студэнты гуляць-выпіваць, а ён з вудаю каля рэчкі ходзіць. Усю дыпломную практыку, дзень у дзень, і раніцай і ўвечары прасядзеў каля рэчкі”. – “Дысцыплінаваны”. – “Не кажы! А ў майго таварыша, у Сумарава, самая смешная забаўка! Ён і ня п’е, і ня курыць, і рыбу ня ловіць, і ў грыбы ня ходзіць… Ён сварыцца з жонкаю. Сварыцца так, што яны ажно разыходзяцца, потым сыходзяцца, потым зноў разбягаюцца ды збягаюцца. І слёзы, і лямант, і крыкі з праклёнамі… Не разумею людзей з такімі дурнымі забаўкамі. Лепей сядзець пад вярбою і віно піць. Праўда?” – “Лепей”. – пагаджаюся з выкладчыкам і разліваю вермут па шклянках.