October 9th, 2010

07kiepka

(no subject)

z Пра мінулае за койданаўскім вуглом

З братам з’ездзілі ў Койданава. Пахадзілі па вуліцах, дзе гулялі ў дзяцінстве. Нічога майго на тых вуліцах не засталося. Нават царква зрабілася дзіцячай, стракатай і цацачнай. Ідучы каля жоўта-сіняй царквы, я падумаў, што трэба павярнуць на вуліцу Талстога. За вуглом будзе пошта. Павярнуў, а пошты няма. Пэўна, яе там няма гадоў дваццаць ці трыццаць. Я спыніўся, бо ўспомнілася старая пошта з водарам гарачага сургуча. Шакаладна-колерны сургуч паштаркі налівалі на вяроўкі, якімі абвязалі бандэролі і вялікія капэрты, каб паставіць на іх пячатку. У сургучовых пячатках была ўрачыстасць. Капэрта з пячаткаю выглядала сур’ёзна. Ні пячатак, ні капэртаў, ні бандэроляў, ні паштарак, ні пошты за вуглом не было. І я, чамусці, не заперажываў праз тое, што нічога майго ў мястэчку Койданава больш няма.