October 8th, 2010

07kiepka

(no subject)

z 1981(?). Валя і дзяльба

Валя памірала. Яна ляжала на нізенькай канапе, а побач на крэслах сядзелі заплаканыя пляменніцы. Муж смяротна хворай Валі спаў у суседнім пакоі п’яным сном. У Валі быў рак горла. Два разы хірургі спрабавалі павыразаць з яе горла пухліны з метастазамі, але абедзьве аперацыі прынеслі вельмі кароткую палёгку. Цяпер у Валі засталіся адзін-два дні на развітанне са сваякамі. Хворая дастала з хованкі тоўсты пачак грошай і нямоглымі рукамі падзяліла фінансавы скарб сярод пляменніцаў. Сваіх дзяцей у Валі не было, таму маладым сваячкам дасталіся і ўсе пярсцёнкі з завушніцамі, і ўсе ланцужкі з бранзалетамі. Сваякам мужа Валя ні капейкі ні дала.
07kiepka

(no subject)

2010. Кульгавая і праклёны

Ня першы раз, пасля прабежкі я сустракаю на выхадзе з парку высокую кульгавую жанчыну ў чорнай вопратцы. Яна рухаецца няспешна левым бокам наперад і крыху падвалаквае правую нагу. Кульгавая адварочваецца ад мяне; але я бачу, як яна хавае ў сваёй скасавуранасці зайздрасць. Пэўна, я павінен дзякаваць лёсу, што кульгавая ўсё ж хавае сваю зайздрасць, але мой тонкі слых чуе яе шаптанне праклёнаў.
07kiepka

(no subject)

z 2010. Робертас і недапаленая цыгарэта

Робертас гандлюе мэбляю для кухні. У яго франчайзінг з чэшскай фірмаю “Карына”. Пад шыльдаю KARINA я з ім размаўляю пра цяжкасці з кіданнем палення тытуню. Робертас курыць. Мы чуем, як у ягонай краме пачынае пазвоньваць тэлефон. Робертас дае мне патрымаць недапаленую цыгарэту і бяжыць у краму. Гэта ж так па-сяброўску і так па-мужчынску – пакінуць сваю недапаленую цыгарэту ў чужой руцэ. Як жа моцна мне захацелася закурыць! Нібыта я не курыў якіх дзевяць гадзін, а не дзевяць месяцаў! “Ну што? Не зацягнуўся дымком?” – “Стрываў!” – “Малайчына! Моцны чалавек!”
07kiepka

(no subject)

z Паскаль і мёртваколернасць

Матэматык Паскаль так ваказаўся пра людзей: “Чалавек – гэта чарацінка, самая слабая ў прыродзе істота, але гэтая чарацінка думае”. Пэўна, гэта адно з самых паэтычных апісанняў чалавека. Ён – чарот, які мысліць. Пасля прачытання такой метафары, у мяне змянілася стаўленне не толькі да чалавека але і да чарота. На нейкае імгненне я нават убачыў сувязь усяго з усім… А ёсць і супрацьлеглыя з’явы ў культуры; напрыклад – палотны мастачка Шкарлупы, які малюе мёртваколерныя краявіды з балотнай вадою і гнілым чаротам. Чараціна Шкарлупы ніколі ня думала. Ягоны намалёваны чарот ніколі не будзе мысліць. Такіх Шкарлупаў ды Шкарубаў з Шандыбамі у культуры ды каля культуры процьма. На выставах з мёртваколернымі карцінамі вочы самі заплюшчваюцца. Яны заплюшчваюцца, і ты чуеш жывы шэпт Паскаля: “Чалавек – гэта чарацінка…”