October 3rd, 2010

07kiepka

(no subject)

Вядзьмарка і тоўстая вяроўка

Мастак намаляваў Вядзьмарку прывязанай да слупа. Малюнак ён вывесіў на свім сайце. Адзін глядач-каментатар пачаў пісаць лісты, каб ён неадкладна развязаў тоўстую вяроўку і выпусціў пакутніцу на волю. Стваральнік вобраза пакутніцы спрабаваў патлумачыць каментатару-пісачу, што Вядзьмарку лепей спаліць на плошчы, чым выпусціць на волю вольную. Глядач не супакойваўся і патрабаваў свабоды для намалёванай Вядзьмаркі. Мастак зрабіў вырыянт малюнка з развязанай Вядзьмаркаю. Ён паказаў яго па скайпу толькі аднаму настойліваму патрабавальніку свабоды. Той узрадаваўся, але радасць ягоная была кароткай. Вядзьмарка ажыла, вылезла з манітора ў кватэру патрабавальнага гледача і тоўстай вяроўкаю задушыла змагара за свабоду. Што адбылося з Вядзьмаркаю і яе вяроўкаю далей? Ніхто не ведае… У сеціве яны нешта не прамалёўваюцца.
07kiepka

(no subject)

z 1970(?). Савічы і яма

Міліцыянер Савіч са сваёй міліцыянерыхай выбраліся ў Мінск. Гэта быў той час, калі нават па розную гаспадарчую драбязу даводзілася ездзіць з Дзяржынска ў Мінск, таму ў сталіцу местачкоўцы выбіраліся на цэлы дзень. Раніцай – туды, а позна ўвечары з вялізнымі сумкамі ў абедзьвух руках – назад. Савічы накуплялі ўсяго ўсялякага: і гумовыя боты тром сынам, і міліцыянерысе буркі з галёшамі, і самому міліцыянеру чаравікі з рантам. Батонаў набралі з абаранкамі, сушак ванільных, цукерак падушачак з павідлам слівовым… Валізы былі, як падняць. Цёмнымі дзяржынскімі вуліцамі Савічы валаклі валізы з чыгуначнай станцыі ажно на другі бок мястэчка, на сваю прымогілкавую вуліцу Чапаева. Як на зло аўтобус на станцыю не прыйшоў, пэўна зноў зламаўся. Давялося ўсю дарогу прайсці пешкі. Міліцыянер ішоў шпарчэй, вядома мужчына. Каля рамбазы ён ужо апярэджваў жонку на метраў сто, калі не больш. Ён радаваўся, што хутка дом і можна будзе адкаркаваць пляшку гарэлкі. Ён бачыў пляшку з маленькай чаркаю і не заўважыў глыбокай яміны, якую ўдзень выкапалі вайскоўцы каля сваёй рамбазы. Нейкую трубу збіраліся яны пракладаць. Раніцай яміны не было, таму Савіч, як ішоў, так і пайшоў-паляцеў у цемру поўную халоднай гразі. Упаў, адчуў, што нагу пашкодзіў, сцяўся і змоўк. Ён маўчаў, бо вырашаў дачакацца жонкі, каб паглядзець, як яна ў гразкую яму зваліцца. Калі ён упаў, хай і яна ляціць у карказломную цемру. Яна і паляцела разам з батонамі ды абаранкамі. Савічыха паляцела на свайго Савіча. “Што ж ты не гукнуў мяне? Што ж ты мяне, жонку сваю, не папярэдзіў, чорт вусаты?”– “Каб табе, шаптуха чортава, было, як і мне. Калі муж у яміну ўваліўся, дык і жонка павінна была ўваліцца і ўвалілася! Гы-гы-гы!” Выпаўзлі Савічы з гразкай яміны, прыйшлі дамоў злыя і перапэцканыя ў бруд з галавы да пятаў. Нагрэлі вады, памыліся, павячэралі, крыху выпілі і думалі забыцца на гісторыю з гразкай ямінай. Але гісторыя не забылася. Як хто ў мястэчку пачынае іншаму яму капаць, так яму і нагадаюць пра міліцыянера Савіча, якому на падкручаную нагу жонка ўпала.